Таццяна Караткевіч падала дакументы ў Цэнтрвыбаркам
Прадстаўнік грамадскай ініцыятывы „Гавары праўду” Таццяна Караткевіч падала ў Цэнтрвыбаркам дакументы для рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы. А перад гэтым на офісе кампаніі яна пачаставала сябраў групы і журналістаў баршчом, які прыгатавала асабіста. „Гэта такі сімвал удзелу жанчыны ў сучаснай беларускай палітыцы”, – пажартавала Таццяна Караткевіч. Пасля яна разам з кіраўнікамі сваёй ініцыятыўнай групы накіравалася ў Цэнтрвыбаркам.
– Я два месяцы вельмі актыўна працавала, каб сфармаваць сваю ініцыятыўную групу. Напэўна, 30 гарадоў і мястэчак наведала, дзе выслухвала людзей. Паўсюль карціна вельмі падобная. Людзі бяднеюць, іх заробкі паніжаюцца, правы, як працоўных, парушаюцца. Усе кажуць, што магчымасці знайсці працу звужаюцца. І для маладых спецыялістаў таксама. У рэгіёнах вельмі складана атрымаць кваліфікаваную медыцынскую дапамогу. Скарачаюць школы.
„Гэтую сітуацыю хацелася б змяніць, таму я і вырашыла ўдзельнічаць у прэзідэнцкай кампаніі”, – сказала Таццяна Караткевіч. У яе ініцыятыўную групу ўвайшло 1 900 чалавек з розных рэгіёнаў краіны. „Для маладога палітыка гэта дастаткова вялікая колькасць, што паказвае – людзі падтрымліваюць нашыя ідэі”, – упэўнена Таццяна Караткевіч.
Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя