Таццяна Караткевіч: Перанос выбараў адаб’ецца на якасці перадвыбарчай кампаніі



Улада не збіраецца слухаць сваіх грамадзянаў. Такімі словамі пракаментавала перанос даты выбараў у нашым эфіры адна з магчымых прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта Таццяна Караткевіч. Напярэдадні старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына аб’явіла, што прэзідэнцкія выбары плануецца правесці на месяц раней – 11-га кастрычніка, маўляў, тады не прыйдзецца збіраць пазачарговую сесію парламента. „Але ж важныя этапы выбарчай кампаніі выпадаюць на летняе палітычнае зацішша,” – удакладняе Таццяна Караткевіч.

– Самае галоўнае, што ўлада паказвае, што не збіраецца прыслухоўвацца да сваіх грамадзянаў. Сапраўды важны этап выбарчай кампаніі прыпадае на жнівень – вылучэнне кандыдатаў. Гэта азначае, што нашыя людзі не будуць у гэтым актыўна ўдзельнічаць. Яны павінны даваць свае галасы, даваць свае ідэі, і агучаваць свае праблемы, каб кандыдаты маглі больш удасканаліць свае праграмы. А тут людзі будуць занятыя.

Беларуская апазіцыя рыхтуецца да складанасцяў у зборы подпісаў у летні перыяд. Вылучэнка ад ініцыятывы “Народны референдум” Таццяна Караткевіч абяцае сваю кампанію зрабіць больш крэатыўнай.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя