Таццяна Караткевіч сустрэлася з гарадзенцамі
У Гародні адбылася сустрэча магчымага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Таццяны Караткевіч з жыхарамі горада і актывістамі апазіцыйных палітычных партый і арганізацый.
Больш за 20 чалавек прыйшло паслухаць маладога палітыка, якую падтрымліваюць такія вядомыя на беларускім палітычным небасхіле арганізацыі, як партыя БНФ, Рух “За свабоду” і кампанія “Гавары праўду”.
На думку Таццяны Караткевіч, адной з галоўных прычын яе ўдзелу у будучых прэзідэнцкіх выбарах з’яўляецца данясенне ўладзе прапановаў правядзення пераменаў:
– Большасць людзей, канешне, кажа, а навошта ўдзельнічаць у гэтых выбарах, ужо ўсё вырашана, і вядома, хто пераможа. Мы павінны зрабіць усё, каб дамагчыся перамогі. Для нас яна будзе заключацца ў тым, калі павестка нашых пераменаў, пра якія мы будзем казаць, здзейсніцца, улада ці пераможца пачне курс эканамічных рэформаў і адказнай сацыяльнай палітыкі.
У праграме наведвання Гарадзеншчыны Таццянай Караткевіч запланавана сустрэча з кіраўніцтвам непрызнаванага ўладамі Саюза палякаў і адказ на пытанні карыстальнікаў інтэрнэт – рэсурсаў. Таксама яна мае намер наведаць горад Бярозаўка і сустрэцца з працоўнымі шклозавода “Нёман”.
* * *
На Гарадзеншчыне пагаршаецца сітуацыя з беспрацоўем. Паводле дадзеных абласнога статыстычнага ўпраўлення, колькасць людзей бяз працы ўпэўнена набліжаецца да шасці тысяч чалавек. Гэта лічба перавышае ў 2 разы мінулагоднія паказчыкі, а штомесячны рост беспрацоўя ў рэгіёне назіраецца на ўзроўні пяці працэнтаў. Як зазначае маючая намер стаць кандыдатам у прэзідэнты палітык Таццяна Караткевіч, беспрацоўе апошнім часам прымае катастрафічныя маштабы як на Гарадзеншчыне, так і па ўсёй краіне:
– У пытанні эканомікі першае пытанне, гэта, канешне, праца, бо што рабіць, калі працу губляеш. А з другога боку тут яшчэ дэкрэт аб туніядстве. Сама я вельмі скептычна адношуся да дыскусіяў пра дэкрэт аб туніядстве, таму што лічу, што яго проста трэба адмяніць як найхутчэй. Ён не справядлівы.
Паводле афіцыйных дадзеных колькасць занятых у розных сектарах эканомікі жыхароў Прынёманскага рэгіёна складае больш як чатырыста восемдзясят тысяч работнікаў. У той час, як на працу прымаюць штомесяц у сярэднім пяць тысяч чалавек, звальняюць па розных прычынах сам тысяч. Самыя горшыя паказчыкі зарэгістраваныя ў такіх сектарах народнай гаспадаркі, як адукацыя, будаўніцтва і апрацоўчая прамысловасць.
Беларускае Радыё Рацыя
[Not a valid template]
Беларускае Радыё Рацыя, Гародня