Таццяна Караткевіч сустрэнецца з гарадзенцамі
Прэтэндэнтка на кандыдата ў прэзідэнты Беларусі Таццяна Караткевіч у Гародню плануе прыехаць 28-га чэрвеня.
Вылучэнка ад кааліцыі партый, якія ўваходзяць у кампанію „Народны рэферэндум” сустрэнеца з актывам, які яе падтрымлівае ў Гародні. Партыя БНФ таксама падтрымлівае кандыдатуру Таццяны Караткевіч.
Кажа старшыня Гарадзенскай арганізацыі Партыі БНФ Вадзім Саранчукоў:
– На бліжэйшы час запланавалі некалькі накірункаў кампаніі – гэта і назіранне за працэсам выбараў, непасрэдна сама кампанія. Пачалі фармаванне спісу людзей, якія пасля ўвойдуць у ініцыятыўную групу, таму што гэту ініцыятыўную групу пакуль што фармаваць нельга, бо выбары не абвешчаныя, але падрыхтоўчая праца вядзецца. Сёння будзе пасяджэнне абласнога штаба па назіранні. У гэтую нядзелю Таццяна Караткевіч прыедзе ў Гародню, будзе сустрэча з мясцовым актывам, некалькі афіцыйных сустрэч.
Вадзім Саранчукоў дапускае, што яшчэ магчыма вызначыцца з адзіным кандыдатам, калі б дэмакратычныя сілы Беларусі аб’ядналіся. Але канстатуе, што асабістыя амбіцыі асобных палітыкаў робяць гэта немагчымым.
Магчыма ўжо 30-га чэрвеня Палата прадстаўнікоў вызначыцца з датай выбараў прэзідэнта Беларусі.
Якуб Сушчынскі, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня