Таццяна Караткевіч: У наступных выбарах выставім як мінімум 150 чалавек



Адзін з лідараў «Гавары праўду» Таццяна Караткевіч распавяла, чаго варта чакаць ад выбараў у мясцовыя Саветы.

Не так даўно Таццяна Караткевіч заявіла, што «калі па выніках чарговых выбараў ў кожным мясцовым Савеце апынуцца прадстаўнікі апазіцыі – гэта стане пачаткам новай палітычнай эры ў Беларусі».

РР: Вы насамрэч думаеце, што пасля мясцовых выбараў у краіне можа пачацца «новая палітычная эра» ці гэта вашы ружовыя мары?

Таццяна Караткевіч: Гэта не мары, а, так бы мовіць, нашы амбіцыйныя мэты. Тая праца, што мы робім, набліжае рэалізацыю такіх планаў і стварае магчымасці для іх ажыццяўлення. Давайце скажам шчыра – мала хто верыў, што падчас апошніх выбараў у Палату прадстаўнікоў у парламенце апынуцца два прадстаўнікі ад дэмакратычнай грамадскасці. Але ж гэта стала рэальнасцю. Таму трэба верыць і працаваць дзеля таго, каб і на мясцовым узроўні апазіцыя была прадстаўлена. Натуральна, пакуль не ў кожным савеце, бо не ўсе палітычныя структуры маюць рэсурс праводзіць паўнацэнныя кампаніі, але зразумела, што грамадству і нават уладзе патрэбен альтэрнатыўны голас. Ва ўладзе мы таксама бачым крызіс кадраў, таму наша дапамога залішняй не будзе. Тым больш, калі ўсе мы вырашылі працаваць на карысць сваёй краіны.

РР: Колькі кандыдатаў ад “Гавары праўду” плануецца ўдзельнічаць у мясцовых выбарах?

Таццяна Караткевіч: Мы плануем зрабіць стаўку цалкам на якасць, але як мінімум 150 нашых прадстаўнікоў вылучаць свае кандыдатуры. А можа і больш. У верасні пачнём весці актыўную мабілізацыйную кампанію, зараз пачынае працаваць школа кандыдатаў.

РР: На вашу думку, колькі з гэтых 150 чалавек маюць шанцы перамагчы?

Таццяна Караткевіч: Складана прагназаваць, бо ведаем, як у краіне праводзяцца выбары. Будзем змагацца, але зараз мы больш працуем на будучыню.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя