Таццяна Севярынец: Будзем патрабаваць адкрытага суду над палітзняволенымі
Маці вядомага палітыка Паўла Севярынца абураная тым, што судовы працэс над яе сынам і актывістамі “Еўрапейскай Беларусі”, прызначаны на 12-га траўня, хочуць зрабіць закрытым.
Таццяна Севярынец кажа, што рыхтуе зварот у суд Магілёва, дзе мае адбыцца разбіральніцтва па крымінальнай справе, распачатай супраць яе сына:
– Я зараз звяртаюся да праваабаронцы, да юрыста, які дапаможа мне скласці патрабаванне, каб працэс быў адкрытым. Ва ўмовах беззаконня ў нас няма іншых сродкаў, як выкарыстоўваць законныя сродкі абароны! Мы гэтага будзем патрабаваць.
На думку Таццяны Севярынец, судовае разбіральніцтва хочуць правесці ў закрытым рэжыме, каб схаваць ад грамадскасці ілжывасць і беспадстаўнасць абвінавачанняў. Таксама яна расцэньвае гэта як здзек з падсудных і іхных сваякоў: і адны, і другія цягам некалькіх месяцаў былі пазбаўленыя магчымасці ўбачыцца, і цяпер гэтая практыка працягваецца. Таццяна Севярынец заклікае родных і блізкіх іншых палітвязняў таксама пісаць звароты ў абласны Магілёўскі суд з патрабаваннем адкрытага працэсу. Зараз у Магілёве, у турме №4 чакаюць судовага працэсу сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец і актывісты грамадскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Яўген Афнагель, Павел Юхневіч, Дзмітрый Казлоў, Максім Вінярскі і Андрэй Войніч.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск