Таццяна Севярынец: Працэс над палітвязнямі – не менш як на 2 тыдні
Маці беларускага палітыка, сустаршыні БХД Паўла Севярынца, не ўдалося ўбачыць сына перад закрытым судовым працэсам, які распачаўся ў Магілёўскім абласным судзе 12-га траўня.
Сустрэцца ўдалося хіба са старшынём абласнога суду Ігарам Прашко, які заявіў, што рашэнне пра разгляд крымінальных справаў у закрытым рэжыме прымала суддзя Ірына Ланчава. Ён параіў сваякам палітвязняў “набрацца цярпення”, кажа Таццяна Севярынец:
– Я яму сказала: “Мой сын нічога не парушаў! Вы самі ведаеце, хто парушыў, і хто павінны знаходзіцца ў гэтай зале!” Ён моўчкі з апушчанымі вачыма мяне выслухаў і кажа: “Трэба пацярпець. Да канца судовага працэсу. Мы будзем аператыўна, мы будзем імкнуцца як найхутчэй разабраць гэтую справу”. Паводле першай інфармацыі, недзе тыдні два будуць разглядаць.
Вядома, што 12-га траўня, у першы дзень суду, удзельнікам працэсу зачытвалі сутнасць абвінавачвання. На лаве падсудных – сямёра палітвязняў, якіх вінавацяць за ўдзел або арганізацыю масавых беспарадкаў, гэта Павел Севярынец, Яўген Афнагель, Павел Юхневіч, Максім Вінярскі, Андрэй Войніч, Зміцер Казлоў і Ірына Шчасная. Ні сваякам падсудных, ні сябрам, якія прыйшлі іх падтрымаць, міліцыя не дазволіла нават стаяць каля судовага будынка. Адагнаўшы людзей ад суда, міліцыянты і амапаўцы зладзілі аблаву ў бліжэйшых дварах, былі затрыманыя журналісты Аляксандр Буракоў, Уладзімір Лапцэвіч і магілёўскі каардынатар БХД Алег Аксёнаў. Іх вінавацяць у правядзенні несанкцыянаванага масавага мерапрыемства.
Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск