Таццяна Севярынец: Ва ўладзе сядзіць узурпатар
Цяжка ў Беларусі тым, хто не згодны з уладай, хто мае сваё меркаванне і тым больш выказвае гэта меркаванне ўслых. Такія людзі пераследуюцца, іх пакідаюць без сродкаў на існаванне, ствараюць ім невыносныя ўмовы. Як гэта здарылася з сям’ёй Севярынцаў.
Пра гэта мы паразмаўлялі з „Госцем Рацыі” віцебскай актывісткай БХД Таццянай Севярынец:
– Павел пайшоў у гэтым накірунку нават раней за мяне, гэта я ўжо пайшла за ім, калі казаць так, як ёсць. Мяне звольнілі ў 2007 годзе, а Павел на гэты шлях ступіў яшчэ ў 1998 годзе. Наша сям’я ніколі не была абыякавай да грамадскіх падзеяў, таму здарылася, як здарылася. Мы, канешне, падтрымлівалі Паўла, а потым і мне прыйшлося ўцягнуцца ва ўсё гэта. Пачаліся катаванні сына, пачалося абышто, таму я не магла застацца абыякавай.
РР: Як вы ўспрынялі не працягненне кантракта з вашай дачкой Ганнай Севярынец?
– Я не здзівілася, бо добра ведаю гэтую нашу гнюсную, паганую сістэму. Ва ўладзе сядзіць узурпатар, чалавек, які прысабечыў уладу і вырашыў, што гэта раз і назаўсёды яму дадзенае. Ён будзе перадаваць уладу таму, каму ён захоча. Можа і марыць ён пра тую Канстытуцыю, мы ж ведаем, што працы над зменамі ў Канстытуцыі ідуць. Ніхто не ведае ў якім накірунку, як не ведалі мы ні пра якія саюзныя дамовы, усё гэта ўтойваецца ад грамадскасці. Гэта да такой ступені чалавек згубіў пачуццё таго, што ён слуга народа, што яго пасада выбарная. Ён вырашыў, што ўся краіна – гэта ягоная маёмасць, а людзі – гэта ягоныя слугі, не больш за тое, гэта працоўнае быдла. Тое, як ён дазваляе сабе называць людзей: „народзец”, „майданутыя”, „ветрадуі”, „адмарозкі”, гэта ўсё са слоўніка так званага прэзідэнта.
РР: Што стала прычынай не працягнення кантракту з Ганнай Севярынец?
– Раней з-за прозвішча Ганну не ўзялі працаваць у ліцэй БДУ, сказалі, што с прозвішчам Севярынец у іх працаваць ніхто не будзе, бо ўжо фігураваў Павел. Ганна, калі выйшла замуж, яна сваё прозвішча не памяняла, яна засталася Севярынец, прынцыпова засталася Севярынец. Канешне, гэта дало адбітак на ўсё астатняе. Яна сыходзіла ў гандаль, яна скончыла наргас да сваёй вышэйшай філалагічнай адукацыі, да сваёй аспірантуры, якую скончыла, але не абаранілася менавіта з-за прозвішча і з-за таго, што абрала тэмай пісьменніка-дысыдэнта. Працуючы ў школе яна пачала звяртаць увагу на тое, што адбываецца ў сістэме адукацыі. Яно не ідзе ніяк на карысць ні школе, ні вучням, ні бацькам. Пачала выказвацца на гэты конт. Паколькі яна медыйная асоба і ўмее правільна фармуляваць свае думкі, то пачала выказваць. Яна папулярны блогер, піша кнігі, яна даследчык, падняла тэму 1920-30-х гадоў. Гэта тэма, якая зараз гучыць, на якую звярнулі ўвагу іншыя літаратары, пісьменнікі. Аднаўлаецца той пласт беларускай літаратуры, які ад нас дзесяцігоддзямі хавалі. Канешне, паколькі медыйная асоба, то яе словы ўжо былі заўважныя. Была сутычка і на конт правядзення заняткаў падчас пандэміі. Хвалюючыся за здароўе і жыццё сваіх вучняў, Ганна выказалася пра пазіцыю Міністэрства адукацыі, што гэтак нельга. Прычым яна выказвалася надзвычай спакойна, як бы прапанова звонку чалавека адукаванага, які знаходзіцца ўнутры сістэмы. Гэта ўсё было ўспрынята ў штыкі, з абурэннем. Як можа чалавек спакойна ўспрыняць ці прапусціць міма сябе тое, што гучыць з экранаў тэлебачання – пагрозы, што ён будзе страляць. Вось яна і адгукнулася гэтым вершам, яна ж нічым не абразіла яго. Яна сказала, што яго не выбірала і ўспрымае, як тату Колі.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя