Таццяна Севярынец: Ярмошына не чула, як Лукашэнка абражаў беларусаў?



Віцебская актывістка БХД атрымала адказы ад старшыні ЦВК на патрабаванне адхіліць Аляксандра Лукашэнку ад удзелу ў выбарчай кампаніі.  Калектыўны ліст падпісалі 83 чалавекі – столькі подпісаў сабралі за адну гадзіну. У тэксце былі спасылкі на СМІ, у тым ліку і дзяржаўныя, якія транслявалі выказванні Аляксандра Лукашэнкі  пра “майданутых” суайчыннікаў і “шалудзівага” Сяргея Ціханоўскага, а таксама пра пагрозы страляць у свой нароод у выпадку непадпарадкавання.

І толькі Лідзія Ярмошына нічога такога не чула, а спасылак на першакрыніцы не заўважыла, кажа Таццяна Севярынец:

– У лісце яна казала, што нічога такога, што вы ўказваеце, не было. І вашы аргументы не маюць ніякай падставы. І гэта чалавек, які займае такую пасаду, які павінны адсочваць заканадаўства адносна выбарчага працэсу… А калі чалавек не хоча бачыць чагосьці, то ён і кажа, што гэтага няма!

Копія зварота была даслана ў Генеральную пракуратуру. Там пагадзіліся, што падобных парушэнняў быць не павінна, але напісалі, што звяртацца з гэтай нагоды трэба да ўпаўнаважанага органа – ЦВК… На думку Таццяны Севярынец, абражаных выразамі і пагрозамі Аляксандра Лукашэнкі далёка не 83 чалавекі, якія паспелі падпісаць зварот у ЦВК да яго адпраўкі. Недавер да ўладаў дэманструюць тысячы беларусаў, і самы свежы прыклад гэтага – учорашняя акцыя салідарнасці  ў цэнтры Менска, падчас якой людзі выказвалі салідарнасць з грамадзянамі, затрыманымі і арыштаванымі падчас збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты, і з прэтэндэнтам на вышэйшую дзяржаўную пасаду Віктарам Бабарыкам.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск