Таццяна Шчытцова: Кірунак уладаў – ізаляцыянізм і варварства



„Госць Рацыі” — Таццяна Шчытцова, філосаф, прафесар ЕГУ і прадстаўніца па пытаннях адукацыі ў офісе Святланы Ціханоўскай.

Фота: tsikhanouskaya.org

Што будзе калі выкладаць у школах ангельскую без вывучэння культуры носьбітаў мовы? Чым савецкая школа адрозніваецца ад сучаснай беларускай і як беларускім студэнтам патрапіць у еўрапейскія ВНУ? Гутарым пра гэта з Таццянай, калі мікрафону Алеся Вербаловіч:

РР: Да якіх наступстваў можа прывесці скарочанае выкладанне ў Беларусі?

– Гэта вельмі сімптаматычнае рашэнне. Перш за ўсё яно было зроблена ў рэчышчы палітыкі ізаляцыянізму. Пасля 2020 года гэта паслядоўна ўсё развіваецца і рэжым прытрымліваецца гэтага. Але акрамя вось гэтага моманту я хачу яшчэ падкрэсліць, увесці яшчэ другое такое істотнае, ключавое слова, так бы мовіць у дадатак да ізаляцыянізму, гэта яшчэ і такі барбарызм – варварства. Што такое мова. Як магчыма вывучаць замежную мову без вывучэння культуры. Гэта сведчыць пра такую інструменталізацыю замежнай мовы. Гэты адрыў ад культуры, то бок тых краін, якія размаўляюць арганічна па-ангельску, гэта азначае, што ўлады накіраваныя на тое, каб выключыць з сістэмы адукацыі нашых дзяцей, студэнтаў, вучняў школ, з прасторы міжкультурнага дыялогу. Цывілізаванасць у сённяшнім свеце ўключае такі важны складнік, як міжкультурны дыялог і міжкультурны абмен, міжкультурны досвед. То бок сёння быць сучасным чалавекам, тут важны гэты панятак, сучасным, культурным, цывілізаваным чалавекам, гэта значыць быць часткай глабальнага, міжкультурнага супрацоўніцтва, дыялогу, абмену, нейкіх дыскусій. Рашэнне, якое прыняла ўлада, яно паказвае, што гэта не толькі палітычны ізаляцыянізм, які адбываецца ў краіне, вядома на падставе палітычнага крызісу, але яны робяць крокі, каб яшчэ больш абцяжарыць гэтую ізаляцыянісцкую палітыку і сапраўды вылучыцца з культурнай прасторы, з прасторы еўрапейскай цывілізацыі, не толькі еўрапейскай. Гэта новы фармат, які стварае рэжым для школьнай адукацыі. Яны імкнуцца да таго, каб нашыя дзеці не былі сучаснымі, не былі культурнымі, не былі цывілізаванымі, а валодалі пэўнымі кампетэнцыямі. Тэхнічна засвоіць ангельскую мову, каб можна было чытаць нейкія ангельскамоўныя інструкцыі ці дакументы, то бок гэта настолькі штучны крок, як я ўжо падкрэсліла, ён умацоўвае дэструктыўны кірунак уладаў – ізаляцыянізм і варварства.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Як зазначае Таццяна Шчытцова, асабліва актуальна зараз замежная адукацыя для тых, хто хоча вывучаць сацыяльна-гуманітарныя дысцыпліны. Бо ў Беларусі пакуль што навучанне ў гэтай галіне якасна і без уплыву прапаганды амаль немагчыма.

Беларускае Радыё Рацыя