Таццяну Караткевіч на „БелаРускім дыялозе” не так зразумелі
На канферэнцыі «БелаРускі дыялог» ў Маскве ў Вышэйшай школе эканомікі з удзелам беларускіх апазіцыйных палітыкаў выступіла кіраўнік кампаніі “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч. У прыватнасці, яна назвала Беларусь ваенным і палітычным партнёрам Расеі і адзначыла, што ўзаемаадносіны краін павінны будавацца на падмурку ўзаемнай павагі.
Па словах старшыні арганізацыі “Наш дом” Вольгі Карач, якая ўдзельнічала ў канферэнцыі, Караткевіч у прыватнасці папракнула Крэмль у тым, што той крыўдзіць свайго асноўнага партнёра – Аляксандра Лукашэнку.
– Уражанне, па-першае, што гэта не яе словы, і па-другое, тое, што ёй далі паперку і сказалі: зачытай. І так атрымалася, што я сядзела насупраць і беларускае тэлебачанне, якое там было, ставіла якраз каля мяне камеру і здымала гэты выступ буйным планам. Я магу сказаць, што іншых выступоўцаў так не здымалі. Было ўражанне, што або яе кантраляюць, ці потым неяк гэта выкарыстоўвацца будзе. Але неяк гэта фальшыва выглядала.
Кіраўнік “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч, каментуючы крытыку ў свой адрас пасля канферэнцыі, адзначыла, што яе выступ быў недакладна інтэрпрэтаваны, насамрэч яна адзначыла недахоп павагі да Беларусі з боку Крамля. На канферэнцыю “БелаРускі Дыялог” былі запрошаныя таксама кіраўнік Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Сяргей Калякін, старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук, эканамісты Яраслаў Раманчук, Леанід Злотнікаў, праўладны ідэолаг Леў Крыштаповіч. З расейскага боку ў канфэрэнцыі браў удзел беларусіст з МДУ Багдан Бяспалька, супрацоўнік Інстытуту краін СНД Юры Баранчык. А вось супрацоўнікі беларускай амбасады адмовіліся ад удзелу ў мерапрыемстве.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя