Таццяна Караткевіч правядзе антываенны пікет у Бабруйску
Кандыдатка ў прэзідэнты Тацяна Караткевіч выправілася ў чарговую агітацыйную паездку. Разам з даверанымі асобамі яна наведае сем гарадоў Магілёўшчыны і Гомельшчыны.
У нядзелю, 4 кастрычніка, увечары, прыблізна а 19-й гадзіне, у цэнтры Бабруйску агітбрыгада Таццяны Караткевіч правядзе антываенны пікет у сувязі з планамі размясціць расейскую ваенную авіябазу ў Беларусі.
Як паведамляе прэсавая служба палітыка, першым месцам сустрэчы з электаратам стала Мар’іна Горка. Месца пад пікет улады вылучылі найбольш нязручнае — стадыён на далёкім ускрайку. Караткевіч пагаварыла з людзьмі, якія а 9-й раніцы ўсё ж дабраліся туды, а затым папросту пачала абыходзіць мясцовыя хаты: жыхары адразу яе пазнавалі, з ахвотай запрашалі на гарбату, дыскутавалі, абяцалі падтрымку.
Затым кандыдатка ў прэзідэнты пайшла на ажыўлены гарадскі рынак, дзе фактычна адбыўся імправізаваны мітынг. Апоўдні быў пікет у Асіповічах, далей Глуск. Да канца выходных Таццяна Караткевіч маецца зладзіць сустрэчы з выбарцамі ў Светлагорску, Калінкавічах, Мазыры і Рэчыцы.