Тэма дня – «Беларускае пытанне» у Грузіі
У Грузію не ўпусцілі грамадскага дзеяча беларускай дыяспары Грузіі Яўгена Гацака. Выехаў ненадоўга ў Турцыю, і вось. І вось гэтае «не ўпусцілі» цяпер будзе даследавацца на малекулярным узроўні.
У дакуменце пра адмову пазначана «іншыя прычыны». Цалкам верагодна, што камусьці з грузінскага ўраду давядзецца канкрэтна тлумачыць што там за «іншыя».
Гэта не першы падобны выпадак з беларусамі. У 2022 прымусілі пакінуць сям’ю людзей, у якіх былі віды на жыхарства і нерухомасць у Батумі.
Пазней высветлілася, што ў Беларусі на мужа завялі справу за маршы ў 2020 годзе. Завялі ўжо калі сям’я пераехала ў Батумі.
Супадзенне? Вось тут грузінскім уладам і адказаць.
Прыведзеная гісторыя – пра «простых», то бок, непублічных беларусаў.
Яўген Гацак наадварот – публічная асоба. Па першай гісторыі займаюцца праваабаронцы, але бюракратыя ўмее адфутбольваць.
Тут жа праблема выходзіць на іншы ўзровень. Тут будзе і зварот у суд, і нейкія крокі Офісу Святланы Ціханоўскай, ужо пайшла хваля па беларускіх незалежных медыях.
А гэта значыць, што падключацца заходнія партнёры Грузіі.
І тут варта нагадаць, што ў Грузіі падпісаная дамова з Лукашэнкам пра ўзаемавыдачу злачынцаў. І вось мая версія, якую вельмі хочацца ў будучыні спраўдзіць.
Каб не псаваць адносіны з Захадам, Грузія не выдае на запыт лукашэнкаўскага боку, а выкідае з краіны. «Нету цела – нету дзела».
Запомнім гэту версію, а пакуль час такі, што цяпер беларусы моцна задумаюцца ці заставацца ў Грузіі. А значыць плаціць тут падаткі, пакідаць у крамах грошы, рабіць стартапы, дапамагаць развіваць краіну.
Але ёсць яшчэ адзін важны аспект. Яўген Гацак пасля адмовы на ўезд папрасіў палітычны прытулак, але яму адмовілі і ў гэтай справе.
А гэта ўжо справа для міжнароднага судовага разбіральніцтва.
Цяпер паглядзім на кантэкст, у якім разгараецца гісторыя.
Гадоў дзесяць таму аналітыкі рабілі стаўку на еўрапейскі выбар у Грузіі. Тут і цяпер шмат дзе можна пабачыць сцягі Еўразвязу.
Але штосьці пайшло не так. Краіна як бы завісла ў падвешаным стане.
Захад – гэта правы чалавека. Не ўпускаць без тлумачэнняў, не разглядаць прашэнне пра палітычны прытулак. Адмаўляцца ад еўрапейскага выбару, каб што?
Як той казаў, штосьці будзе. Доўга быць у падвешаным стане не магчыма.
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя