Тэма дня: Да чаго нас рыхтуюць «шпіёнскія гульні»?



КДБ заяўляе пра дзясяткі затрыманых украінскіх шпіёнаў і дыверсантаў. Па прапагандысцкіх каналах распаўсюджваюцца сюжэты і цэлы фільм пра агентурную сетку ўнутры Беларусі. Да чаго нас рыхтуюць «шпіёнскія гульні» ад беларускіх і расейскіх спецслужбаў? Шукаем адказ разам з Севярынам Квяткоўскім у “Тэме дня”.

Свежыя словы ачольніка КГБ Лукашэнкі Івана Церцеля: «Намі затрыманая пэўная колькасць грамадзян Польшчы падчас наладжвання актыўных дзеянняў па агентурнай сувязі. Затрыманыя здраднікі, з якімі яны працавалі. … Намі затрыманыя дзясяткі грамадзян Украіны за спробы рэалізацыі тэрактаў, за выведвальна-падрыўную, за шпіёнскую дзейнасць на нашай тэрыторыі».

Дзясяткі грамадзян Украіны. Вось так. І ніхто не бачыў іх хоць бы здалёк. Можна і «сотні» сказаць, ды хоць тысячы, калі ўсё роўна не мусіш дэманстраваць тавар тварам. А затрыманыя замежнікі для калектыўнага Лукашэнкі – гэта тавар для торгу.

Заява Церцеля адбываецца на фоне прыезду ў Менск да Лукашэнкі Сяргея Нарышкіна, топ-чыноўніка шматстаночніка, асобы, максімальна набліжанай да Пуціна.

У адным кароткім абзацы з аднаго сказу знайшлося месца для трох спецслужбоўцаў і аднаго спец-прызначэнца – Лукашэнкі.

Сярод палітычных аналітыкаў усё больш укараняецца думка, што беларускі КДБ кіруецца з Масквы. Зрэшты як і Лукашэнка губляе на вачах апошнія кроплі суверэннасці ўлады.

У Расеі кіруюць былыя кэдэбэшнікі і цяперашнія фээсбэшнікі. Пра самага Пуціна не раз казалі палітычныя аналітыкі, якія спецыялізуюцца па ўладзе ў Расеі: палкоўнік КДБ можа мысліць толькі інфармацыйнымі спецаперацыямі.

У амерыканскім Інстытуце вывучэння вайны (ISW) прааналізавалі мэты візіту Лукашэнкі ў Маскву 5-6 красавіка. У Інстытуце мяркуюць, што няма рэальнай пагрозы размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі.

Калі верыць ацэнкам экспертаў «Інстытуту вывучэння вайны», сёння мы маем вялікі розыгрыш што да ядзернай пагрозы, блеф з боку старых і новых кэдэбістаў.

А гульні ў шпіёнаманію можна разглядаць як спробу беларускага КДБ вярнуць згубленыя пазіцыі ўплыву на ўладу.

Лукашэнка заўжды рабіў стаўку на службоўцаў Міністэрства ўнутраных справаў. І тут мы зноў бачым як замільгацелі навіны пра бравых спецназаўцаў КДБ.

Магчыма, чаканая барацьба пад дываном улады нарэшце актывізавалася. Беларусь не такая размазаная па карце як Расея. І не такая складаная што да ўладнай структуры. У Беларусы кожныя працэсы адбываюцца хутка.

У кожным разе і шоў з затрыманымі шпіёнамі і размовы пра ядзерную зброю не мінуць бясследна. Беларусь рыхтуюць да больш сур’ёзнага ўдзелу ў агрэсіўных дзеяннях Расеі супраць Захаду.

Цалкам гук:

Беларускае Радыё Рацыя