Тэма дня „Мінуў тыдзень”
Тут мой аўтарскі агляд мінулага тыдня. Дакладней, адных сутак мінулага тыдня.
Сёння будзе спецыяльны выпуск агляду, бо ад вечара 23 па вечар 24 чэрвеня адбылася неймаверная колькасць падзей гістарычнага маштабу.
Ачольнік прыватнай ваеннай кампаніі «Вагнер» Яўген Прыгожын павёў сваіх байцоў-наймітаў спачатку на Растоў-на-Доне, пасля праз Варонеж на Маскву.
Як і мільёны людзей практычна неадрыўна са здзівам глядзеў на гэтае шоу, які хтосьці параўноўваў то з галівудскім серыялам, то з цыркам, то з тэатральнай пастаноўкай.
Хоць шоу ад прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнера» адбывалася на тэрыторыі Расеі, і ўскосна і наўпрост яно датычыць Беларусі.
Для людзей, якія не прымаюць дыктатуру, якая пануе ў Беларусі, прынцыпова важнае аслабленне Расеі.
Бо Лукашэнка ўсе гады свайго кіравання існуе выключна за кошт Крамля.
Цяпер жа мы ўбачылі тое, што хтосьці з аглядальнікаў сціпла называе мяцяжом. А хтосьці маштабна – пачаткам грамадзянскай вайны.
Пакуль мы паглядзелі толькі першы эпізод серыялу. Увесь свет пабачыў слабасць, разлад і элементарнае разгільдзяйства ў кіроўных элітах Расеі.
Пуцін, які перад тым выглядаў аднаасобным дыктатарам вялікай імперыі, выставіўся няўпэўненым чалавекам, а імперыя разладжанай.
Пасту назад у цюбік не вернеш. І Пуцін і наагул Крэмль панеслі каласальныя рэпутацыйныя страты.
Тое, што мы назіралі 23-24 чэрвеня будзе мець велічэзны ўплыў на баявы дух расейскіх салдатаў на вайне супраць Украіны.
Мы бачылі як Прыгожын выкрываў вярхушку Міністэрства абароны Расеі. Маўляў, ім вайна патрэбная толькі каб надалей рабаваць Украіну, вывозячы адтуль цэлыя заводы.
А яшчэ мы пабачылі, што Прыгожына ў захопленым на некалькі гадзін Растове-на-Доне людзі на вуліцах віталі як героя. Мы бачылі ролік падтрымкі «вагнераўцаў» ад салдат на фронце, мы бачылі як расейскія салдаты здаваліся наймітам з «Вагнера».
Усё названае значыць, што слова Прыгожына аўтарытэтнае для не малой колькасці расейцаў.
Але мы бачылі і расейцаў якія вінавацілі Прыгожына ў здрадзе. Прычым яшчэ да таго, як тое самае абвінавачванне выставіў Пуцін. Які пасля свайго афіцыйнага выступу ганебна ўцёк з Масквы.
Усё кораценька апісанае – аграмаднаяя трэшчына ў расейскім насельніцтве.
І гэта значыць, што афіцыйная Масква цалкам верагодна нарэшце зоймецца ўнутрырасейскімі праблемамі. Што ёй будзе не да Лукашэнкі ды іншых васалаў былых ускраін Расейскай імперыі.
Але пакуль Лукашэнка спатрэбіўся. Як перамоўнік з Прыгожыным.
Афіцыйная менская прапаганда радасна крычыць па ўсіх сваіх інфармацыйных каналах, што, маўляў, гэта Лукашэнка выратаваў Расею ад смуты грамадзянскай вайны і наступнага распаду гэтага дзяржаўнага ўтварэння на ўсход ад Беларусі.
Гэта было б смешна, калі б не тысячы беларускіх палітзняволеных і сотні тысяч вымушаных эмігрантаў.
Я схіляюся да думкі шмат якіх палітычных аглядальнікаў з розных краін, што Лукашэнка выканаў тэхнічную функцыю.
Прыгожын спыніў свой наступ, і заявіў, што «вагнераўцы» вяртаюцца ў месцы дыслакацыі.
Неўзабаве прэсавы сакратар Пуціна Пяскоў заявіў, што Прыгожын можа паехаць у Беларусь.
Пяскоў шмат разоў хлусіў, але нават калі Прыгожына жывым выпусцяць з Расеі, хутчэй за ўсё галоўны «вагнеравец» вернецца на месца асноўнай дзейнасці – у Афрыку.
У апісанай маштабнай гісторыі, якая, відаць, толькі пачынаецца, ёсць яшчэ адзін беларускі аспект. Гэта заява «Палка Каліноўскага» пра тое, што трэба карыстацца новай – крызіснай – сітуацыяй у Расеі і рыхтавацца да збройнага супраціву лукашыстам.
Пра тое самае заявіў Валеры Сахашчык, прадстаўнік Пераходнага кабінету, прататыпу будучага ўраду вольнай Беларусі.
Сахашчык звярнуўся да беларускіх вайсковых далучацца да супраціву, альбо хоць бы захоўваць нейтралітэт. Бо баявыя сілы ёсць у самой Беларусі і чакаюць сігналу.
У больш дыпламатычнай форме пра неабходнасць выкарыстаць новае акно магчымасцяў, якое можа хутка адкрыцца, звярнулася законна абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская.
Сочым і рыхтуемся да дзеянняў.
Слава ЗСУ! Жыве Беларусь!
Беларускае Радыё Рацыя