Тэма дня: Сустрэча з Пушыліным як знак несамастойнасці Лукашэнкі



Лукашэнка сустрэўся з кіраўніком тэрарыстычнага фармавання пад назвай «ДНР» Дзянісам Пушыліным.

Паспрабуем разабрацца што ж мы ўбачылі: праяву самастойнасці, ці кагосьці «нагнулі».

Прашу прабачэння за ўжытае слова, але яно самае любімае ў беларускага дыктатара.

Назіраў у сеціве дыскусію па тэме гэтай сустрэчы «на вышэйшым узроўні».

Лукашэнка афіцыйна не прызнаў «ЛДНР», але пры гэтым сказаў падчас сустрэчы: «На фронце як у нас там справы?» 

Можна гэтую фразу ацаніць як фігуру мовы. А можна паглядзець інакш – Лукашэнка ўжо не вырашае з кім сустракацца і што казаць.

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў у сваім акаўнце ў сацсетцы піша наступнае: «Пушылін – гэта такі ўбіты «па самае не магу» цвік. Каб ніхто больш не сумняваўся. Крэмль сказаў – не выёжвайся. Лу больш і не выёжваецца».

Фраза напісаная ў кантэксце таго, што калі год таму Пушылін прыязджаў у Беларусь, з ім бачыліся адно чыноўнікі абласнога ўзроўню.

Што ж адбылося сёлета? Статус «ДНР» падрос? Ці становішча Лукашэнкі зменшылася да расейскага рэгіянальнага?

Палітолаг Пётра Рудкоўскі ў дыскусіі з Віталём Цыганковым мяркуе, што Лукашэнка яшчэ не поўная марыянетка Крамля: «Няма такога адзінкавага факту, які б дазволіў раз і назаўсёды сцвердзіць канец манеўравання. Тое, што поле манеўру звужаецца – гэта так. Ці яно цалкам замкнулася – пакуль рана казаць. Ведаем, што Лука – дасведчаны, беспрынцыпны і даволі азартны тып. І надалей прагны ўлады».

Асабіста я мяркую, што статус Лукашэнкі рэзка знізіўся, прынамсі, вонкава. Усе крымінальныя структуры будуюцца згодна з жорсткай іерархіяй.

Пушылін рэпрэзентуе захопленую расейскім войскам частку Украіны, у свеце прызнаны тэрарыстам, а ў Беларусі ДНР афіцыйна не прызнаная. І тут такая вось сустрэча на найвышэйшым узроўні.

Чаму цяпер? Свет чакае контрнаступ. Але ж, і ў Крамлі, відаць, рыхтуюць «сюрпрызы». Хто ведае, можа быць у войску «ДНР» неўзабаве з’явяцца вайсковыя з выразным беларускім вымаўленнем. А магчыма перамовы між большым і меншым палітычнымі бесамі ішлі пра пастаўкі тавараў падвойнага прызначэння.

У кожным разе наўрад ці Крэмль дазволіць Лукашэнку адсядзецца ў кустах падчас новага вітка вайны.

Цалкам гук:

Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя