Тэма дня: Тэракт у менскім метро – не скончаная справа
Перакананы, што тэракт 11 красавіка 2011 года ў менскім метро – гэта не проста каляндарная дата найноўшай гісторыі.
Я быў ад выбуху на адлегласці паездкі на эскалатары. Я пасля замяраў – менш за паўхвіліны мяне аддзяляла ад асколкаў. Асабіста мяне псіхалагічна накрыла толькі праз тры дні, але я бачыў людзей у істэрыцы ўжо каля выхаду з метро. Адна дзяўчына крычала ў слухаўку: «Мама, мама, ну что он от нас ещё хочет?!»
Не было яшчэ ніякіх заяваў ад КДБ і Адміністрацыі прэзідэнта, а досыць многія людзі нават не сумняваліся, што за тэрактам стаіць беларуская афіцыйная ўлада.
Чаму так? Красавік 2011 года – гэта эканамічны крызіс, які набіраў абароты, сеяў панічны позірк у заўтрашні дзень, абясцэньваў усе патугі Лукашэнкі выглядаць гарантам любімых ім «стабільнасці і працвітання».
Істэрыка з нагоды знікнення валюты ў абменніках клалася на нядаўнія рэпрэсіі з нагоды Плошчы-2010, з якой мінула ўсяго тры з паловай месяцы.
Таму тэракт выглядаў вельмі лагічна, бо адцягваў эмацыйную ўвагу людзей.
Хутка злавілі, хутка асудзілі і хутка расстралялі двух хлопцаў, адзін з якіх нават не быў на станцыі метро «Кастрычніцкая», дзе грымнула выбуховае прыстасаванне. Адзін прынёс торбу з выбухоўкай на платформу метро. Але хто яму тую торбу арганізаваў? У двух псіхаў, якія проста захацелі «дэстабілізацыі» ў краіне, мала хто верыць дагэтуль.
Асабіста я асцерагаўся падобных сцэнароў у 2020 годзе. Падкласці выбухоўку, каб не хадзілі на Маршы – чаму не? Але эфект мог быць адваротным, людзі маглі яшчэ больш з’яднацца.
У 2011 годзе шмат хто гадаў на колькі тэракт у менскім метро – справа рук выключна лукашыстаў. Ці няма там следу расейскіх спецслужбаў. Наогул дзе сканчаюцца кампетэнцыі КДБ і пачынаецца творчасць ФСБ?
Папярэдняя карная аперацыя на Плошчы-2010 таксама выклікала падобныя пытанні. Бо сварыцца з Захадам Лукашэнку было не выгадна як мінімум фінансава. А вось загнаць Беларусь у большую залежнасць ад Расеі было на карысць Крамлю.
Тэракт у метро – не скончаная справа. Рана ці позна мы мусім дазнацца хто замоўца, распрацоўнк і арганізатар гэтага тэракту. Гэтаксама як мы мусім дазнацца пра ролю Крамля і ягоных спецслужбаў у лёсе Беларусі пачынаючы ад 1994 года.
А пакуль чакаем украінскі контрнаступ, крызіс у Крамлі і рэзкі паварот сюжэту ў гісторыі жыцця і дзейнасці Лукашэнкі.
Цалкам гук:
Севярын Квяткоўскі, Беларускае Радыё Рацыя