Тэма парламенцкіх выбараў – маргінальная
Тэма парламенцкіх выбараў у дзяржаўных СМІ – маргінальная, кажуць адмыслоўцы. У Беларускай асацыяцыі журналістаў працуюць над маніторынгам асвятлення ў СМІ парламенцкіх выбараў 2019 года. Зараз прэзентавалі вынікі яго першага этапу, калі акурат адбывалася фармаванне выбарчых камісій, рэгістрацыя ініцыятыўных груп, вылучэнне і рэгістрацыя кандыдатаў. Далей даследчыкі з БАЖ аналізуюць перыяд агітацыі і самі выбары.
Але і цяпер можна зрабіць высновы, што беларусы з дзяржаўных СМІ атрымліваюць мала інфармацыі пра выбары, кажа кіраўнік маніторынгавай групы Алесь Анціпенка:
– Канешне, з пункту гледжання звычайнага чалавека, я не буду казаць за ўсіх звычайных людзей, асвятленне выбарчага працэсу ў дзяржаўных медыя – гэта нейкі такі шэры працэс, які абсалютна нецікавы шараговаму чытачу і гледачу. Людзі практычна прапускаюць гэта і не цікавяцца.
У БАЖы аналізуюць публікацыі на выбарчую тэму ў чатырнаццаці беларускіх медыя, дзяржаўных і недзяржаўных, электронных і друкаваных, агульнанацыянальных і рэгіянальных. Напрыканцы кастрычніка прэзентуюць вынікі другога этапу маніторынгу, які закранае перыяд агітацыі. Як кажуць адмыслоўцы, гэты перыяд звычайна больш дынамічны.
Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя