Тэрэспаль бароніць Еўразвяз ад уцекачоў
Чачэнцы вагонамі едуць з Берасця ў Еўразвяз. Ранішні цягнік Берасце-Тэрэспаль запоўнены поўнасцю, у вагонах – беларусы, чачэнцы і грузіны, піша сёння беларускі партал tut.by. Паводле беларускіх памежнікаў, у чэрвені ў пункце пропуску “Берасце” зафіксавалі 1700 спробаў выезду ў Польшчу грамадзянамі Каўказа і Сярэдняй Азіі, у ліпені – больш за 2 тысячы, у жніўні – 8300, а за першую дэкаду верасня – звыш 4 тысяч. Пры гэтым больш за 75% летніх спробаў выезду з Беларусі завершыліся вяртаннем у Берасце.
Гэтую тэму закранула і міністр унутраных спраў Польшчы Тэрэса Пятроўска ў час свайго выступу на сённяшнім, надзвычайным пасяджэнні Сейма:
– Амаль кожны дзень рэгіструем спробы перасячэння мяжы вялікімі групамі замежнікаў. Напрыклад, 14 верасня ў Тэрэспаль з Берасця цягніком прыехала 263 асобы сярод якіх 180 атрымала адміністрацыйныя рашэнні пра адмову ва ўездзе на тэрыторыю Польшчы. Сёння таксама 160 асобаў атрымала адмовы ва ўездзе на тэрыторыю Польшчы. Памежны пераход у Тэрэспалі, у якім падаецца найбольш заяваў на статус уцекача, а таксама ў якім выдаецца найбольш рашэнняў пра адмову ва ўездзе на тэрыторыю Польшчы.
Міністр паведаміла, што перадусім гэта грамадзяне Расеі чачэнскай нацыянальнасці. Сёлета ад студзеня да сярэдзіны верасня ў Польшчы імі было складзена 1 тысяча 666 заяваў на атрыманне статуса ўцекача, што складае больш за палову ад усіх заяваў:
– Гэтыя заявы датычаць 4,5 тысяч асобаў, што складае па 64 заянікі на кожнае прадстаўніцтва. У той жа час у прадстаўніцтве ў Тэрэспалі адмоўлена ва ўездзе 12 тысячам 645 замежнікам, што складае 40% усіх адмоў. Гэтыя дадзеныя ўказваюць на выніковасць нашых дзеянняў у перыяд кантролю ўезду на тырыторыю Польшчы.
Міністр Тэрэса Пятроўска таксама адзначыла, што на сённяшні дзень на тэрыторыі Польшчы працуе 12 лагераў для ўцекачоў.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя