Тэрмін бязвіза могуць павялічыць да 30 дзён
„Мы маем намер павялічыць тэрмін знаходжання ў Беларусі без віз да 10 ці нават 30 дзён”, – заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей у інтэрв’ю Financial Times.
Тэкст інтэрв’ю апублікаваны на сайце МЗС Беларусі.
Макей нагадаў, што Беларусь увяла пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін, у тым ліку Еўразвяза. „Гэта было зроблена намі ў аднабаковым парадку, хоць мы зараз і абмяркоўваем з ЕЗ заключэнне двух пагадненняў: аб рэадмісіі і аб спрашчэнні візавых працэдур. Наша ініцыятыва закліканая палегчыць дзелавыя кантакты паміж Беларуссю і ЕЗ, спрыяць развіццю турызму”, – сказаў міністр.
Ён паведаміў, што сітуацыя з бязвізавым рэжымам будзе прааналізавана да канца года. „Занясем канкрэтныя прапановы кіраўніку дзяржавы, якія тычацца пашырэння бязвізавага рэжыму”, – дадаў Макей.
З 12 лютага гэтага года для грамадзян 80 дзяржаў, якія прыбываюць у Менск паветраным шляхам, на працягу пяці сутак дзейнічае бязвізавы рэжым. Па дадзеных Міністэрства спорту і турызму, турпаток у Беларусь за паўгода вырас на 27% у параўнанні з аналагічным перыядам 2016 г. З моманту ўступлення ў сілу бязвізавага рэжыму праз нацыянальны аэрапорт Мінск у Беларусь заехалі 52 тысячы чалавек, паведаміў журналістам 25 верасня намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Кравец. Гэта, дадаў ён, перавысіла чаканні, так як планавалася, што дзякуючы пяці бязвізавым дням турыстычны паток вырасце на 15-20%. Даходы ад турыстычнай дзейнасці ў гэтым годзе выраслі на 120%.
Тады ж Кравец паведаміў, што МЗС вядзе працу над усталяваннем бязвізавага рэжыму на 10 дзён. „Нам неабходныя гэтыя дні, асабліва гэта важна для медыцынскага турызму. Праца складаная, ідзе павольна, таму што гаворка аб нацыянальнай бяспецы. Да канца гэтага года мы спадзяемся закрыць тэарэтычныя пытанні ў гэтай сферы”, – сказаў намеснік міністра спорту і турызму.
Фота sb.by