Тэрмін утрымання пад вартай Эдуарда Бабарыкі працягнуты да 18 лютага



Тэрмін утрымання пад вартай Эдуарда Бабарыкі працягнуты да 18 лютага, паведаміў тэлеграм-канал яго бацькі, экс-банкіра і былога прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі.

Абодва былі затрыманыя 18 чэрвеня мінулага года і знаходзяцца ў СІЗА КДБ.

„Што тычыцца майго бестэрміновага знаходжання ў СІЗА. Гэта, вядома, цікавы досвед. Побыт і фізічныя ўмовы — самае простае, з чым тут можна справіцца. Жыву, як манах у келлі, на некалькіх квадратных метрах. Менавіта гэтае абмежаванне і немагчымасць уцячы ад сябе сталі прычынай маштабнай працы над сабой. Калі шчыра, то гэта самы насычаны перыяд у маім жыцці з пункту гледжання змен, але і самы цяжкі. Своеасаблівы трыумф духу, трыумф асобы, які мяжуе з пастаяннай рызыкай адчаю. Тут я вельмі шмат думаю, вяду ўнутраны дыялог”, — цытуюцца ў паведамленні фрагменты лістоў Эдуарда Бабарыкі.

Бабарыка-малодшы абвінавачваецца на падставе ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). Праваабаронцы прызналі Эдуарда і Віктара Бабарыкаў палітвязнямі.

belapan.by