Тэрмін утрымання Ціханоўскага пад вартай працягнуты да 10 сутак



Тэрмін утрымання пад вартай відэаблогера, аўтара youtube-канала „Краіна для жыцця” (226 тыс. падпісчыкаў) Сяргея Ціханоўскага і яго паплечнікаў працягнуты да 10 сутак, паведаміў праваабарончы рэсурс spring96.org.

„Да вечара 8 чэрвеня міліцыя павінна выставіць ім абвінавачванні альбо вызваліць”, — адзначаюць праваабаронцы. Паводле іх інфармацыі, у межах крымінальнай справы па факце гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі (арт. 364 КК) 29 траўня ў Гародні, дзе збіраліся подпісы за вылучэнне жонкі Ціханоўскага Святланы на пасаду прэзідэнта, акрамя блогера было затрымана шэсць чалавек.

Праваабаронцы апублікавалі спіс затрыманых: Сяргей Ціханоўскі, Яўген Разнічэнка, Дзмітрый Кучараў, Уладзімір Навумік, Вяргілій Ушак, Сяргей Калмыкоў, Аляксандр Арановіч. Іх адвезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Мінгарвыканкама. Паводле дадзеных spring96.org, 2 чэрвеня Вяргілія Ушака перавезлі ў СІЗА № 1 на вул. Валадарскага.

„Таксама невядомыя людзі забралі машыну з апаратурай, на якой прыехала ў Гродна каманда Сяргея Ціханоўскага. Машына належыць гомельскаму актывісту Уладзіміру Кузняцову, які даў яе ў часовае карыстанне Ціханоўскаму. Уладзімір напісаў заяву аб выкраданні яго аўто”, — адзначаецца ў паведамленні.

31 траўня чатыры праваабарончыя арганізацыі Беларусі абвясцілі Сяргея Ціханоўскага палітычным зняволеным. Праваабаронцы запатрабавалі ад уладаў неадкладна вызваліць блогера і спыніць яго крымінальны пераслед.

2 чэрвеня прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Петэр Стана заявіў БелаПАН, што Сяргей Ціханоўскі, апазіцыйны палітык Мікалай Статкевіч і іншыя грамадзянскія актывісты і ўдзельнікі мірных акцый пратэсту „павінны быць неадкладна вызваленыя, а іх крымінальны і адміністрацыйны пераслед спынены”.

У Еўрапейскім парламенце „глыбока занепакоеныя нежаданнем беларускіх уладаў палепшыць выбарчае асяроддзе і відавочнай адсутнасцю намеру стварыць умовы для сапраўднай роўнасці паміж кандыдатамі” на прэзідэнцкіх выбарах. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве кіраўніка дэлегацыі ЕП па сувязях з Беларуссю Роберта Бедраня і дакладчыка ЕП па Беларусі Пятраса Аўштравічуса. „Мы заклікаем беларускія ўлады неадкладна вызваліць усіх грамадзян, якія былі несправядліва арыштаваныя, і спыніць гэтую непрымальную хвалю рэпрэсій, — падкрэсліваецца ў заяве. — У выпадку далейшых адвольных арыштаў і абмежаванняў на свабоднае ажыццяўленне беларускімі грамадзянамі сваіх палітычных правоў мы не бачым іншага шляху, акрамя як дамагацца перагляду палітыкі Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі, уключаючы новыя санкцыі ў дачыненні да службовых асоб, адказных за рэпрэсіі”.

belapan.by