Толькі 29 ініцыятыўных груп па Гарадзеншчыне прадстаўляюць апазіцыю
Па ўсёй Гарадзенскай вобласці агульная колькасць ініцыятыўных груп, якія падавалі дакументы на рэгістрацыю ў абласную, гарадскую, раённыя, сельскія выбарчыя камісіі склала 1942. Пры гэтым толькі 29 з іх, якія былі зарэгістраваны, выступаюць за вылучэнне прадстаўнікоў дэмакратычнага блоку, што складае менш за 1,5%.
З гэтых 29 груп 14 – гэта прадстаўнікі партыі “Беларускі народны фронт”, 5 – ад Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі, 6 – ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, 2 – ад “Гавары праўду!” і 2 ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”.
Прадстаўнікі БХД прэтэндуюць на месцы ў абласны (Яўген Дудкін – Альшанская ВА №13), гарадскі (Ганна Фешчанка – Спартыўная ВА №19, Яўген Дудкін – Агінская ВА №23), Слонімскі раённы (Міхаіл Сошка – Брэсцкая ВА №7, Алесь Масюк – Заходняя ВА №15) Саветы дэпутатаў.
Ад партыі БНФ больш за ўсё ініцыятыўных груп зарэгістравалася па Лідскім раёне. Гэта 10 груп з агульных 14 ад БНФ. Адна група фігуруе ў спісе зарэгістраваных па Слонімскім раёне, яшчэ адна, група ў падтрымку Вадзіма Саранчукова, зарэгістравана ў Гарадзенскай гарадской ТВК.
Вылучэнцы ад АГП будуць змагацца за месцы ў Астравецкім райсавеце (1 група), у Гарадзенскім аблсавеце (2 групы) і ў гарадскім Савеце Гродна (3 групы).
Ініцыятыўныя групы двух вылучэнцаў ад “Гавары праўду!” зарэгістраваныя ў Гарадзенскай гарадской камісіі (Дзмітрый Бандарчук і Сяргей Двурэчэнскі).
2 ініцыятыўныя групы ад БПЛ “Справядлівы свет” – у абласной выбарчай і Слонімскай раённай камісіях.
Калі глядзець асобна па прэтэндэнтах на месцы ў абласны і гарадскі Саветы дэпутатаў, то сітуацыя наступная. У гарсавет з 48 зарэгістраваных ініцыятыўных груп 6 прадстаўляюць дэмакратычны блок (12,5%). У абласны Савет, дзе 68 ініцыятыўных груп падалі свае заяўкі на рэгістрацыю (канчатковую лічбу менавіта зарэгістраваных абласны выканкам пакуль назваць не можа), толькі 4 групы выступаюць за вылучэнне прадстаўнікоў дэмакратычных сіл.
„Праваабаронцы за свабодныя выбары”