Томаш Семоняк: Беларусь – саюзнік Расеі, але мы – адкрытыя на дыялог
Беларусь разглядаецца НАТО як вайсковы партнёр Расеі. У той жа час захад ацаніў намаганні афіцыйнага Менска па ўрэгуляванні канфлікту ва Украіне.
Fot. PAP Paweł Supernak
Былы міністр абароны Польшчы і былы віцэ-прэм’ер урада – Томаш Семоняк (Tomasz Siemoniak) у інтэрв’ю для нашага радыё каментуе вынікі варшаўскага саміту НАТО.
РР: Галоўным вынікам варшаўскага саміту НАТО ёсць узмацненне ўсходняга флангу Альянса і размяшчэнне чатырох міжнародных батальёнаў у Польшчы і краінах Балтыі, кожны з якіх будзе налічваць па тысячы жаўнераў. Гэтыя батальёны з’явяцца ўжо ў наступным годзе. Ці гэта сапраўды сур’ёзнае ўзмацненне, ці гэта проста “пастрашыць” Расею?
– Гэта даволі сур’ёзна і прэцэдэнтна. Да гэтага часу мы мелі дачыненне з рознымі формамі актыўнасці НАТО. На тэрыторыі Польшчы пастаянна прысутнічалі войскі НАТО на ратацыйнай аснове, тысячы жаўнераў праходзілі на нашай тэрыторыі вайсковыя вучэнні. Было прынятае рашэнне пра стварэнне супрацьракетнага шчыта Альянса. Чатыры гады таму на пастаяннай аснове ў нас з’явіліся амерыканскія лётчыкі. А цяпер размова ідзе пра батальёны ў кожнай з чатырох дзяржаў, у якіх будзе па тысячы жаўнераў. ЗША, Вялікабрытанія, Нямеччына і Канада маюць абавязак фарміравання гэтых батальёнаў. Канешне, з вайсковага пункту гледжання – гэта не вельмі шмат, можна сказаць: што гэта за сіла – ўсяго тысяча жаўнераў. Але з пункту гледжання палітыкі бяспекі – гэта вельмі важны сігнал для Расеі.
РР: Асноўная прычына ўзмацнення ўсходняга флангу НАТО – гэта агрэсіўная палітыка Расеі. Ці гэтая палітыка сапраўды ажно настолькі агрэсіўная, што гучаць нават выказванні пра магчымасць Трэцяй Сусветнай вайны:
– Напэўна, мы не можам гаварыць ні пра Трэцюю Сусветную, ні нават выкарыстоўваць тэрмін “халодная вайна”. У той жа час тое, што Расея здзейсніла на працягу апошніх гадоў, выклікала вялікую занепакоенасць у Польшчы, у іншых краінах Еўрапейскага звязу ды ў НАТО. Я маю на ўвазе анэксію Крыму, пазней заангажаванасць у далейшы канфлікт з Украінай. Там было выразна бачна і зразумела, што гэта Расея стаіць за рознымі такімі дзеяннямі. Усё гэта прывяла да таго, што Еўропа, якая выглядала стабільнай і спакойнай, вымушана была паглядзець зусім іначай на тое, што адбываецца за ўсходняй мяжой, і найперш на Расею. Рашэнні, прынятыя на варшаўскім саміце НАТО – вынік усяго гэтага, усіх гэтых дзеянняў. НАТО застаецца абаронным саюзам, але каб мець патэнцыйную магчымасць абараняць сваіх чальцоў, павінна прадпрымаць пэўныя крокі, каб паказваць, што Альянс заўсёды гатовы да хуткіх дзеянняў. Пры гэтым Генеральны сакратар НАТО Енс Столтэнбэрг на прэсавай канферэнцыі, у час якой паведаміў пра прынятыя на саміце рашэнні, у той жа час звярнуўся да Расеі з прапановай дыялогу, сказаў, што скліча пасяджэнне НАТО – Расея, і што НАТО і захад – заўсёды гатовыя да супрацоўніцтва. Безумоўна, пры гэтым нельга забываць пра важныя прынцыпы: выкананне міжнароднага права, непрызнанне зменаў граніц з дапамогай сілы, таксама нельга забываць пра негатыўныя ацэнкі палітыкі Расеі.
РР: Як НАТО глядзіць на Беларусь у гэтай сітуацыі, бо Беларусь – гэта таксама краіна за ўсходняй мяжой Альянса?
– Беларусь – гэта саюзнік Расеі, і ніхто з гэтым не спрачаецца. У той жа час НАТО хацела б, каб у непасрэднай блізкасці да межаў Альянса мела месца добразычлівае суседства. Таму і паўставалі розныя праграмы, тая ж праграма “Партнёрства дзеля міру” (хоць яна паўстала яшчэ ў 90-ыя гады зусім у іншых палітычных умовах). У гэтыя праграмы ўцягваліся краіны ўсходняй Еўропы, краіны былога СССР. У пытанні супрацоўніцтва з гэтымі краінамі ёсць пэўная адкрытасць, празрыстасць дзеянняў, інфармаванне пра вайсковыя вучэнні. Можа гэта некалі і прынясе плёны. Адзначу, што добра ацэнена заангажаванасць Беларусі ва ўрэгуляванне канфлікту на ўсходзе Украіны, паўсталі менскія пагадненні, у Менску сустракаліся канцлер Нямеччыны, прэзідэнт Францыі, прадстаўнікі Украіны і Расеі. НАТО і Еўразвяз, перадусім Польшча, зацікаўленыя ў тым, каб дачыненні польска-беларускія, і стасункі Беларусь – НАТО – толькі паляпшаліся.
РР: Пракаментуйце, калі ласка, прапанову міністра замежных спраў Польшчы Вітальда Вашчыкоўскага, каб Польшча выступіла пасярэднікам паміж НАТО і Беларуссю. Тым больш, што ёсць ужо рэакцыя на гэтую ідэю з боку беларускага МЗС-у, маўляў, мы вядзем наўпроставыя дыялогі, без пасярэднікаў, з усімі партнёрамі, і гэта ж тычыцца і НАТО…
– Міністр Вашчыкоўскі, думаю, хацей як найлепей. Ён хацеў сказаць, што Польшча падтрымлівае дыялог на лініі НАТО – Беларусь, што Польшча гатовая дапамагчы. Таму гэтую прапанову не трэба разглядаць неяк негатыўна, ці негатыўна каментаваць. Вядома, што для дыялогу патрэбныя два бакі ды іх жаданне. А ці Польшча будзе ў гэтым неяк дапамагаць, ці быць пасярэднікам – гэта ўжо зусім іншая справа. Я не буду крытыкаваць міністра Вашчыкоўскага за тое, што хоча дапамагчы, і за тое, што ён адкрыты на гэтую дапамогу.
РР: Вяртаючыся да самаго Паўночнаатлантычнага Альянсу. Ці НАТО на сёння гэта сапраўдны моцны саюз?
– НАТО заўсёды было моцным саюзам, нават з увагі на тое, што найбольшай дзяржавай у яго складзе ёсць Злучаныя Штаты, вайсковая моц якіх і глабальная роля ў свеце ўжо даўно сталі фактам. НАТО нават спрабавала выраўняць гэты падзел сілаў, каб уключаць у розныя дзеянні таксама саюзнікаў з Еўропы, а не толькі і выключна разлічваць на Злучаныя Штаты. І НАТО надалей робіцца мацнейшым, і гэтаму маюць спрыяць і рашэнні цяперашняга варшаўскага саміту, і спрыяюць рашэнні папярэдняга саміту пра 2% ВУП дзяржавы, якія павінны ісці на абарону. Мы гаварылі пра чатыры батальёны, якія маюць з’явіцца ў Польшчы і краінах Балтыі. Гэта ўсяго чатыры тысячы жаўнераў, але кошт іх утрымання – вельмі вялікі. Прывяду яшчэ адзін прыклад таго, што НАТО – гэта моцны саюз. Вайсковы гадавы бюджэт ЗША – гэта больш, чым абаронныя бюджэты ўсіх краін свету. Гэта сведчыць пра моц саюзу, якую яму надаюць ЗША, але таксама Вялікабрытанія, Францыя, Нямеччына, Польшча, Гішпанія, Італія – вялікія дзяржавы з вялікім абаронным патэнцыялам.
Выказаўся былы міністр абароны Польшчы і пра Украіну. На думку Томаша Семоняка, Украіна не можа разглядацца як патэнцыйны сябра НАТО да таго часу, пакуль там працягваецца ваенны канфлікт з Расеяй.
Гутарыла Яна Запольская. Беларускае Радыё Рацыя