Трамп гатовы ўвесці новыя санкцыі супраць Расеі



Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп намераны падпісаць законапраект пра ўводзіны новых санкцый у дачыненні Расеі, Ірана і Паўночнай Карэі. Пра гэта гаворыцца ў заяве Белага дома, якую займелі тэлеканал CNN, агенцтва Reuters і газеты The Washington Post.

„Трамп прачытаў ранейшыя версіі законапраекту, узгадніў яго элементы і грунтуючыся на сваёй рэакцыі па гэтых перамовах, зацвердзіў законапраект і мае намер яго падпісаць”, – гаворыцца ў паведамленні.

25 ліпеня Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША падтрымала законапраект пра новыя санкцыі ў дачыненні Расеі, Ірана і Паўночнай Карэі. 27 ліпеня яго ўхваліў Сенат ЗША. 28 ліпеня дакумент паступіў у Белы дом.

Законапраект прадугледжвае скарачэнне максімальнага тэрміна рынкавага фінансавання расейскіх банкаў, якія ўжо пад санкцыямі, да 14 дзён, а для кампаній нафтагазавага сектару – да 30 дзён.

Дакумент таксама прадугледжвае, што прэзідэнт ЗША можа накласці санкцыі на асобаў, якія намераны ўкласці ў будаўніцтва расейскіх экспартных трубаводаў больш 5 мільёнаў даляраў у год альбо 1 мільёна адначасна, альбо збіраюцца прадаставіць расейскім праектам паслугі, тэхналогіі ці інфармацыйную падтрымку.

Пры гэтым ЗША працягнуць супрацьдзеіць будаўніцтву газаводу „Паўночная плынь-2” з-за „шкоднага ўздзеяння на энергетычную бяспеку Еўразвязу, газавае развіццё рынку ў Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропе і энергетычныя рэформы ва Ўкраіне”.

Новыя санкцыі, каб не зрабіць шкоды дзейнасці NASA, не будуць датычыць супольных касмічных праектаў дзвюх краін.

Законапраект абавязвае прэзідэнта ЗША заранёў узгадняць з Кангрэсам кожнае змякчэнне ці адмену санкцый. Галава Белага дому не можа зняць абмежавальныя меры асабістым указам, як гэта было раней”.

Беларускае Радыё Рацыя