Трамп і Пуцін, верагодна, сустрэнуцца ў В’етнаме



Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп і прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, верагодна, сустрэнуцца на гэтым тыдні на палях эканамічнага саміту ў В’етнаме, заявілі ў сераду ў Крамлі.

Як заявіў памочнік прэзідэнта Пуціна па знешнепалітычных справах Юрый Ушакоў, двум лідарам «ёсць што абмеркаваць» і расейскі бок да гэтага гатовы.

Па словах Ушакова, Пуцін і Трамп сустрэнуцца паміж пасяджэннямі штогадовага форуму Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва, які стартуе ў пятніцу ў в’етнамскім горадзе Дананг.

Ён дадаў, што ў нейкі момант двое лідараў могуць правесці больш «грунтоўную» асабістую сустрэчу, аднак канкрэтныя параметры такой сустрэчы пакуль не ўзгодненыя.

Раней на гэтым тыдні прэс-сакратар Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў расейскаму інфармагенцтву «РИА Новости», што, калі Пуцін і Трамп сапраўды сустрэнуцца, вялікая верагоднасць, што яны будуць абмяркоўваць сітуацыю ў Паўночнай Карэі.

Зараз Трамп знаходзіцца ў Кітаі з першым афіцыйным візітам. Незадоўга да прыбыцця ў Пекін прэзідэнт выступіў перад Нацыянальнай асамблеяй Паўднёвай Карэі, заклікаўшы лідара КНДР Кім Чэн Ына адмовіцца ад ядзернай зброі дзеля шанцу ўступіць на «лепшы шлях».

Трамп перасцярог Пекін: «Не трэба нас недаацэньваць. Мы будзем абараняць нашу агульную бяспеку, наш агульны росквіт і нашу святую свабоду.

golos-ameriki.ru