Трамп падпісаў указы аб ахове мяжы і іміграцыі
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў указы аб ахове мяжы і іміграцыі, паведаміла агенцтва Рэйтэр з цырымоніі ў міністэрстве ўнутранай бяспекі краіны.
Раней прэс-сакратар Белага дома Шон Спайсер распавёў, што ўказы будуць утрымліваць такія меры, як будаўніцтва „фізічнага бар’ера” на мяжы, масавую высылку нелегальных імігрантаў з крымінальным мінулым, а таксама спыненне федэральнага фінансавання гарадоў, якія адмаўляюцца выдаваць імігрантаў федэральным уладам.
Паводле яго слоў, прыярытэтам будзе высылка з ЗША людзей, якія знаходзяцца ў краіне незаконна і асуджаных за злачынствы на яе тэрыторыі. Пасля адбыцця тэрміну ім выдадуць „квіток у адзін канец”. Па словах Спайсера, краіны прымуць сваіх грамадзян назад пад пагрозай адмовы ў выдачы віз іх грамадзянам.
У сераду ў інтэрв’ю тэлеканалу ABC Трамп распавёў, што будаўніцтва сцяны на мексіканскай мяжы пачнецца ў бліжэйшыя месяцы. На першым этапе выдаткі лягуць на бюджэт ЗША, але пасля яны будуць пакрыты Мексікай. У выпадку адмовы мексіканскіх улад Трамп прыгразіў забараніць грашовыя пераводы мексіканскіх мігрантаў з ЗША на радзіму.
У сваю чаргу прэзідэнт Мексікі Энрыке Пенья Ньета раней заявіў, што мексіканскія ўлады не будуць аплачваць будаўніцтва сцяны.
Фота РИА новости