Трамп працягнуў санкцыі ў дачыненні да беларускіх улад
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп працягнуў на год дзеянне санкцый ЗША ў дачыненні да некаторых прадстаўнікоў беларускіх улад. 13 чэрвеня ён адправіў Кангрэсу ЗША апавяшчэнне пра тое, што падпісаў адпаведны ўказ, паведамляе прэс-служба Белага дома.
«Я накіраваў у Федэральны рэестр для публікацыі апавяшчэнне пра тое, што рэжым надзвычайнага становішча ў сувязі з дзеяннямі і палітыкай пэўных чальцоў урада Беларусі і іншых асоб, якія падрываюць дэмакратычныя працэсы і структуры ў гэтай краіне, працягнецца пасля 16 чэрвеня 2017 года», — сказана ў лісце Трампа, адрасаваным кіраўнікам Кангрэса ЗША.
У ЗША лічаць, што дзеянні і палітыка некаторых чальцоў урада Беларусі і іншых асоб падрываюць дэмакратычныя працэсы ў Беларусі, у краіне маюць месца парушэнні правоў чалавека, звязаныя з палітычнымі рэпрэсіямі.
«Гэта ўяўляе пагрозу для нацыянальнай бяспекі і замежнай палітыкі Злучаных Штатаў»,— гаворыцца ў апублікаваным лісце прэзідэнта ЗША.
Трамп адзначыў, што санкцыі былі ўведзены ў адпаведнасці з выканаўчым указам прэзідэнта ЗША 13 405 16 чэрвеня 2006 года. З тых часоў санкцыі падаўжаюцца на год.
У «чорным спісе» ЗША знаходзяцца Аляксандр Лукашэнка, старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына, кіраўнік спраў прэзідэнта Віктар Шэйман, былы намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Наталля Пяткевіч і іншыя.
Санкцыі ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і шэрагу чыноўнікаў і чальцоў іх сем’яў былі ўведзеныя 16 чэрвеня 2006 года Джорджам Бушам. Нагодай сталі прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, якія ў ЗША і ЕЗ прызналі недэмакратычнымі.
Санкцыі прадугледжваюць блакаванне рахункаў названых асоб у амерыканскіх банках, забарона ім на ўезд у ЗША, забарона амерыканскім кампаніям мець з імі супрацу.