Трамп у ліпені наведае Польшчу?



Паводле «Газеты Выборчай», гэтую інфармацыю пачулі амбасадары краін Цэнтральнай Еўропы на сустрэчы ў офісе прэзідэнта Анджэя Дуды. Чатыры дыпламатычныя крыніцы пацвердзілі гэта газеце.

Ва Уроцлаве 6 і 7 ліпеня пройдзе форум «Краін трох мораў» — гэта 12 краін-сябраў ЕЗ, якія месцяцца ў трохкутніку Адрыятычнага, Балтыйскага і Чорнага мораў. Польская дыпламатыя ўжо некалькі месяцаў рабіла высілкі, каб запрасіць на гэты форум прэзідэнта ЗША.

Інфармаваныя крыніцы пацвердзілі «Газеце Выборчай», што Дональд Трамп, які будзе прысутнічаць 7 ліпеня на саміце G-20 у Гамбургу, мог бы па дарозе завітаць ва Уроцлаў.

Паводле крыніцаў «Выборчай», такім чынам Белы Дом мог бы развеяць уражанне, што новы прэзідэнт ЗША нібыта не зацікаўлены ў бяспецы рэгіёна.

Паводле wyborcza.pl