Трамп заклікаў РФ спыніць падтрымку варожых рэжымаў
Дональд Трамп выступіў з палымянай прамовай на варшаўскай плошчы Красіньскіх. Прэзідэнт ЗША вельмі цёпла выказаўся пра Польшчу, узгадаў яе складаную гісторыю поўную крыві патрыётаў, пралітай за свабоду і незалежнасць.
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Расея павінна спыніць дэстабілізаваць абстаноўку ва Украіне і аказваць падтрымку варожым рэжымам – Сырыі і Ірану.
„Мы заклікаем Расею спыніць сваю дэстабілізуючую дзейнасць ва Украіне і ў іншых месцах, а таксама спыніць падтрымліваць варожыя рэжымы, уключаючы Сірыю і Іран”. „І замест гэтага [заклікаем Расею] далучыцца да супольнасці адказных нацый у нашай барацьбе супраць агульных ворагаў і ў абароне самой цывілізацыі”, — дадаў Трамп.
Падчас візіту ў Варшаве Дональ Трамп сустрэўся з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, на якой паабяцаў змагацца з „дэстабілізуючымі паводзінамі Расеі”.
Напрыканцы гаспадар Белага Дома паставіў палякаў у прыклад іншым народам, і зазначыў, што заходняя цывілізацыя павінна змагацца за свае каштоўнасці:
– Таксама як Польшча не можа быць разбітая, я вам кажу, што Захад больш ніколі не будзе разбіты. Нашыя каштоўнасці будуць пераважаць, нашыя людзі будуць жыць, і нашая цывілізацыя будзе трываць. Таму давайце ўсе разам, як палякі, змагацца за сям”ю, за свабоду, за краіну і за Бога. Дзякуй вам! Божа, дабраславі Польшчу! Божа, дабраславі наш альянс, дабраславі Амерыку! Дзякуй!
Сярод іншага, Дональд Трамп таксама прысвяціў шмат слоў Варшаўскаму паўстанню, і ўзгадаў, як Савецкая армія адмовілася дапамагчы паўстанцам, спадзеючыся на тое, што нацысты “знішчаць гэты народ”.
https://www.youtube.com/watch?v=JL5NO6KnqnE
Прэзідэнт Злучаных Штатаў наведвае польскую сталіцу, дзе прымае ўдзел у саміце Трохмор’я і сустракаецца з кіраўнікамі краін Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
Адбылася сустрэча амерыканскага прэзідэнта з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам.
«Дзякую польскаму народу за зычлівасць для 5 тысяч амерыканскіх жаўнераў, Польшча — гэта вельмі важны саюзнік і партнёр – нашае супрацоўніцтва робіць свет больш бяспечным. Дзякую Польшчы за цёплы прыём», – сказаў пасля сустрэчы з прэзідэнтам Польшчы амерыканскі прэзідэнт Дональд Трамп.
Польскі прэзідэнт Анджэй Дуда назваў сустрэчу плённай і паспяховай:
— Мы размаўлялі пра прысутнасць амерыканскіх жаўнераў у Польшчы, пра узмацненне бяспекі ў нашай частцы Еўропы і адначасова Усходняга флангу НАТА, і ўвогуле пра сітуацыю з бяспекай у гэтай частцы Еўропы, пра сітуацыю ва Украіне, пра вучэнні «Захад-2017», якія адбудуцца ў Беларусі. Таксама мы абмеркавалі кантракты, звязаныя з мадэрнізацыяй польскай арміі. ЗША думаюць вельмі паважна і спадар прэзідэнт вельмі паважна думае пра бяспеку Польшчы.
У сваю чаргу прэзідэнт ЗША пахваліў Польшчу за выкананне сваіх абавязкаў у НАТО і заявіў, што Амерыка будзе сцерагчы спакой у нашым рэгіёне:
— Амерыка імкнецца падтрымліваць мір і бяспеку ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. Мы працуем разам з Польшчай над адказамі расейскім дзеянням, якія дэстабілізуюць абстаноўку. Мы ўдзячныя Польшчы, якая з’яўляецца прыкладам ля астатніх сябраў НАТО, паколькі гэта адна з нямногіх краін, якая выконвае фінансавыя абавязкі.
У межах візіта Дональда Трампа Польшча і ЗША падпісалі мемарандум на набыццё Польшчай сістэмы паветранай абароны Patriot, якія выкарыстоўвае амерыканская армія паведаміў сёння міністр абароны Антоні Мацерэвіч. Канфігурацыя сістэмы Patriot , адмыслова дастасаваная да польскіх патрабаванняў і зьяўляецца адказам для расейскіх Іскандэраў сказаў міністр. Першыя ракеты новага тыпу трапяць ў Польшчу да 2022 года.
Апроч афіцыйных сустрэч чакаецца, што а 13:00 Дональд Трамп публічна выступіць на варшаўскай плошчы Красіньскіх.
«Нягледзячы на вялікую інфармацыйную ўвагу, дагэтуль няясна, якія вынікі прынясе гэты візіт», гаворыць Павел Усаў. Тым не менш, увага Трампа да нашага рэгіёну можа сведчыць пра яго спробу максімальна адмежаваць сваю асобу ад Расеі:
— Трамп усімі метадамі жадае даказаць, што не з’яўляецца саюзнікам Пуціна, хоча падкрэсліць, што ЗША надалей будуць праводзіць палітыку стрымлівання Расеі. Менавіта на ўсходнім фланзе Еўразвязу ў перспектыве могуць быць разгорнуты іншыя элементы амерыканскай сістэмы бяспекі, сістэмы бяспекі НАТА. Гэта не толькі сістэма супрацьпаветранай абароны, але, напрыклад, і вайсковыя кантынгенты. Але сам праект інтэрмару, паміж двух марэй ён хутчэй мёртвы чым жывы.
РР: Было спачатку Міжмор’е, а цяпер Трохмор’е, бо яшчэ Адрыятычнаедадалося.
— Я не думаю, што Балканы неяк упісваюцца ў гэты сегмент геапалітыкі, бо ўсё ж такі традыцыйна лічылася гэтыя прастора Усходняй Еўропы, дзе ключавую ролю грала Польшча. Калі мы кажам пра Балканы, дык там роля Польшчы якраз ніякая, бо там у першую чаргу уплывы Італіі, а таксама Нямеччыны. І таму для Польшчы галоўным з’яўлялася б рэалізацыя праекта «Паміж Балтыйскім і Чорным морам», але тут мы сутыкаемся з іншымі праблемамі, бо напрыклад краіны Балтыі не жадаюць уключацца ў польскія праекты. Таксама застаецца вялікае пытанне Украіны, бо мы бачым, што ёсць пэўная напружанасць у адносінах паміж Польшчай і Украінай, асабліва пасля заяў Качыньскага, што «бандэраўскай Украіны ў Еўропе ніколі не будзе». Таму, я думаю, можа стацца так, што Польшчы ў гэтым рэгіёне застанецца адна. Яшчэ магчыма традыцыйныя саюзнікі: Вышэградская група. І Таму Польшча разлічвае на візіт Трампа ў тым сэнсе, што яна хоча павысіць свой геапалітычны прэстыж у рэгіёне, але якраз у самім па сабе візіце ніякага сэнсу не будзе, усё будзе залежыць ад тых заяў і дамоўленасцей, якія будуць падпісаныя. А ніхто не ведае, якія пытанні будуць абмяркоўвацца падчас візіту Трампа. Баюся, што гэты візіт можа застацца абсалютна фармальным і пустым з гледзішча геапалітыкі.
РР: Але ёсць пагалоскі, што Трамп прыехаў і заключыць кантракты на пастаўку звадкаванага газу ў краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
— Уся праблема ў тым, што для гэтага не патрэбны візіты прэзідэнтаў. Усе ж, калі прыязджае прэзідэнт такой краіны як ЗША, якая фактычна з’яўляецца адзіным геапалітычным гульцом у свеце, не беручы пад увагу напрыклад Кітая, але ў большасці пытанняў менавіта ЗША з’яўляюцца ключавым гульцом і калі прэзідэнт прыязджае сюды, проста каб падпісаць нейкія дамоўленасці, якія павінны быць падпісаныя не паміж урадамі, але паміж фірмамі, якія будуць пастаўляць газ, амерыканскімі ці польскімі, то гэта проста робяць з прэзідэнта нейкага другаснага клерка, а не чалавека, які прыязджае сюды, каб вырашаць сур’ёзныя пытанні. Можа быць так, што гэты візіт і пераўтворыцца ў такія размовы клеркаў.
РР: Тым не менш падавалася, што гэта важнае пытанне, бо гаворка ідзе пра абмежаванне расейскага ўплыву на краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.
— Уся праблема ў тым, што пастаўкі амерыканскага газу не вырашаць пытання ў доўгатэрміновай перспектыве, пытанне энэргабяспекі павінна вырашацца ў межах Еўразвязу і перад усім павінны быць вырашана пытанне дыверсіфікацыі, што еўрапейскія краіны намагаюцца зрабіць, а таксама і імклівы пераход на альтэрнатыўныя віды паліва. Больш таго, каб атрымоўваць газ са Злучаных Штатаў патрэбныя сур’ёзныя інвестыцыі ў польскія парты, каб пабудаваць газавыя сховішчы, каб пабудаваць інфраструктуру з гэтых партоў у іншыя гарады і месцы Польшчы. Таму, я думаю, што якраз такі трэба было засяродзіцца на фармаванні альтэрнатыўных шляхоў паставак газу з таго ж Ірану, а не чакаць, што ЗША вырашаць пытанне энергетычнай бяспекі Польшчы.
Павел Усаў дадае, што пакуль што не бачыць, які плён можа прынесці візіт Дональда Трампа ў Варшаве, а ўвесь яго прыезд мае больш ідэалагічнае вымярэнне.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя, Варшава
Фота: РАР