Трамп яшчэ на год падоўжыў антырасейскія санкцыі за агрэсію супраць Украіны
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падоўжыў яшчэ на год дзеянне эканамічных санкцый у дачыненні Расеі за яе агрэсію супраць Украіны. Пра гэта паведамляецца на сайце Белага дому.
У дакуменце, які падпісаў амерыканскі прэзідэнт, сказана, што дзеянні і палітыка прадстаўнікоў Расеі „па-ранейшаму ўяўляюць сабой надзвычайную пагрозу нацыянальнай бяспецы і знешняй палітыцы Злучаных Штатаў”.
Гутарка ідзе пра падрыў дэмакратыі і пагрозу міру, бяспецы, стабільнасці, суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласці Украіны.
Першыя санкцыі былі ўведзены яшчэ ў сакавіку 2014 года і далей узмацняліся і падаўжаліся.
Тэрмін санкцый сканчаўся 6 сакавіка.
За час сваёй кадэнцыі Дональд Трамп другі раз працягвае тэрмін антырасейскіх санкцый. У 2018 годзе ён зрабіў гэта 2 сакавіка.
У дачыненні Расеі былі ўведзены эканамічныя санкцыі ЗША, Еўразвязам і некаторымі іншымі краінамі вясной 2014 года пасля таго, як Расея анексавала ўкраінскі паўвостраў Крым і пачала ваенную агрэсію на ўсходзе Украіны. Санкцыйныя пакеты некалькі разоў пашыраліся і ўзмацняліся. Беларускае Радыё Рацыя