Трамп зацвердзіў «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі»
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў закон пра федэральны бюджэт ЗША (HR133). Пра гэта паведаміў у твітары намеснік прэс-сакратара Белага дома Джад Дыр.
????????????President @realDonaldTrump has signed H.R. 133, an Act making consolidated appropriations for the fiscal year ending September 30, 2021, providing coronavirus emergency response and relief, and for other purposes.
— Judd Deere (@JuddPDeere45) December 28, 2020
У склад HR 133 уключаны і нядаўна зацверджаны Сенатам «Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і суверэнітэце Беларусі».
Гэты дакумент дае прэзідэнту ЗША дадатковыя паўнамоцтвы па ўвядзенні санкцый у сувязі з выбарамі 2020 года ў Беларусі і наступнымі за імі падзеямі.
Законапраект быў прадстаўлены кангрэсменам Крысам Смітам. Ён з’яўляецца адным з аўтараў актаў аб дэмакратыі ў Беларусі 2004, 2006 і 2011 гадоў.
«Прэзідэнт ЗША можа ўвесці візавыя санкцыі супраць любога замежніка, які з’яўляецца сябрам Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі ці ўдзельнічаў у маніпуляцыях на выбарах, або ў дачыненні да ўрадавай асобы, адказнай за пераслед незалежных СМІ, альбо прадстаўніка саюзнай дзяржавы, альбо расейскага грамадзяніна, які прымаў значны ўдзел у пераследзе СМІ, парушэнні правоў чалавека адносна палітычных рэпрэсій у Беларусі», — гаворыцца ў тлумачэнні да дакумента.
Акрамя таго, абноўлены Акт аб дэмакратыі ў Беларусі змяшчае наступныя палажэнні:
- прызнае Каардынацыйную раду законным інстытутам для ўдзелу ў дыялогу аб мірнай перадачы ўлады і не прызнае Аляксандра Лукашэнку «законна абраным лідарам Беларусі»;
- заклікае правесці новыя прэзідэнцкія і парламенцкія выбары ў свабоднай і справядлівай форме ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ;
- заклікае вызваліць усіх палітычных зняволеных без усялякіх папярэдніх умоў;
- падтрымлівае імкненне народа Беларусі да свабоды веравызнання;
- дазваляе дапамогу ў прасоўванні дэмакратыі і развіцці грамадзянскай супольнасці ў Беларусі;
- заяўляе, што ЗША не прызнаюць уключэння Беларусі ў Саюзную дзяржаву з Расеяй;
- патрабуе ад Злучаных Штатаў стратэгіі па прасоўванні вяшчання, свабоды інтэрнэту і доступу да інфармацыі;
- аказвае падтрымку беларускім СМІ і прадстаўнікам IT-сектара.