Трамп заяўляе пра пагрозу Трэцяй сусветнай вайны праз Крым



Калі ЗША паспрабуюць сілай вярнуць Крым Украіне, гэта будзе азначаць пачатак Трэцяй сусветнай вайны. Пра гэта кандыдат у прэзідэнты ЗША ад Рэспубліканскай партыі Дональд Трамп заявіў на сустрэчы з прыхільнікамі ў штаце Агаё, перадае РБК.

Дональд Трамп

Трамп абверг прэсу, якая насміхалася, быццам палітык не ведае, пра далучэнне Крыма ў 2014 годзе да Расеі. „Я ведаю гэта дакладна. Гэта было прыкладна два гады таму. Прыкладна”, – адзначыў Трамп.

Згадку, што Крым раней належаў Украіне, ён пракаментаваў наступным чынам: „Так, добра, гэта было два гады таму. Я маю на ўвазе, вы хочаце ўсё вярнуць назад, вы хочаце пачаць Трэцюю сусветную вайну, каб атрымаць яго назад?». Пры гэтым Трамп некалькі раз нагадаў, што ўсё гэта адбывалася „падчас дзяжурства Абамы”.

Таксама на мітынгу ў Агаё Трамп чарговы раз выступіў за саюзніцкія адносіны з Расеяй. На яго думку, ЗША і Расея разам могуць перамагчы „Ісламскую дзяржаву”. Да такога саюза, на яго думку, маглі б далучыцца і іншыя краіны.

Раней паведамлялася, што Трамп абяцаў, стаўшы прэзідэнтам, разгледзець пытанне аб прызнанні Крыма часткай Расеі.