“Трэці раз іду на парламенцкія выбары”. Навошта?



Старшыня гарадской арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, старшыня аргкамітэту па стварэнні прафсаюзу прадпрымальнікаў “Разам” Ірына Яскевіч збірае подпісы за сваё вылучэнне на ўдзел у будучых выбарах.

Для яе гэта ўжо трэцяя парламенцкая кампанія, і дзве мінулыя паказалі, што ў супроцьвагу актывістцы прызначаюць самых уплывовых праўладных кандыдатаў. Таму першая парламенцкая кампанія была шокам, кажа Ірына Яскевіч:

– Шмат людзей пайшлі за мяне галасаваць толькі таму, што гэта мае знаёмыя, мае сябры. І ў іншых умовах яны ўвогуле б не пайшлі на выбары. Тое, што я набрала крыху больш за тры адсоткі, вельмі засмуціла маю сям’ю, яны казалі, што такога не можа быць, бо яны былі назіральнікамі.

Ірыну Яскевіч добра ведаюць у тым раёне, дзе яна жыве, бо актывістка дапамагае суседзям вырашаць камунальныя праблемы. Добра ведаюць яе і прадпрымальнікі: яна ўжо доўгі час кіруе прадпрымальніцкім рухам, і створаны ёй, але незарэгістраваны ў Беларусі прафсаюз прадпрымальнікаў “Разам” прызнаны міжнароднай арганізацыяй “StreetNet International”. Але вельмі часта людзі не пакідаюць свае подпісы, і абмяжоўваюцца размовамі пра бесперспектыўнасць будучых выбараў, гаворыць Ірына:

– Шаноўнае спадарства хоча пераменаў, але яно іх баіцца. Людзі падыходзяць, размаўляюць, кажуць, што ні ў што не вераць і на выбары не ходзяць. З пяці чалавек подпіс можа паставіць хіба толькі адзін, а то і ніводнага.

Ірыну Яскевіч падтрымліваюць на пікетах аднадумцы – віцебскія ўдзельнікі правацэнтрысцкай кааліцыі з БХД. Сваіх кандыдатаў на парламенцкія выбары ў Віцебску гэтая структура сёлета не выстаўляе.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск