Трое былых палітвязняў заклікаюць ЕЗ не здымаць санкцыі з Беларусі



Трое вядомых былых беларускіх палітвязняў – праваабаронца, старшыня Праваабарончага цэнтра „Вясна” Алесь Бяляцкі, кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года і лідар Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Мікола Статкевіч, і кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2010 года, лідар грамадзянскай кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Андрэй Саннікаў накіравалі адкрыты ліст лідарам Еўразвяза з заклікам захаваць санкцыі ў дачыненні да беларускіх афіцыйных і юрыдычных асобаў у поўным аб’ёме.

Усе трое прайшлі праз адвольныя затрыманні, несправядлівыя суды і катаванні падчас следства і ў месцах зняволення. Іх, як і астатніх палітвязняў, беларускія ўлады вызвалілі толькі дзякуючы міжнароднаму ціску, але не аднавілі ў правах.

У сваім лісце на імя Вярхоўнага прадстаўніка ЕЗ па замежных справах і палітыцы бяспекі Федэрыка Магерыні і міністраў замежных спраў усіх краін-членаў ЕЗ Бяляцкі, Статкевіч і Саннікаў заклікалі не адмяняць і не прыпыняць санкцыі да выканання ўсіх умоў ЕЗ, уключна з рэабілітацыяй ўсіх былых палітвязняў і значнага паляпшэння сітуацыі з правамі чалавека.