Тры еўрапейскія краіны заняліся зборам фактаў злачынстваў беларускіх сілавікоў
Тры еўрапейскія краіны заняліся зборам фактаў злачынстваў беларускіх сілавікоў – паведаміў кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка падчас відэастрыму 25 лютага.
Паводле яго слоў, гэта не такі просты і хуткі працэс. „Гэта задача, якая стаіць у рамках нашага плана. Цяпер мы прыцягваем міжнародных спецыялістаў, перш за ўсё ў працу па крымінальнай універсальнай юрысдыкцыі”, — заявіў Латушка.
„Што тычыцца стварэння ўсяго механізму крымінальнай адказнасці, то вельмі важная і добрая навіна аб тым, што тры краіны — Германія, Галандыя і Вялікабрытанія — у якасці першага кроку заняліся пытаннем збору фактаў учыненых крымінальных злачынстваў на тэрыторыі Беларусі, — паведаміў кіраўнік НАК. — Гэтым будуць займацца няўрадавыя арганізацыі ў гэтых краінах. Мы спадзяемся, што з удзелам беларускіх няўрадавых арганізацый, якія найперш збіралі гэтыя факты і інфармацыю”.
Латушка падкрэсліў, што другім крокам павінна стаць стварэнне адпаведнай міжнароднай структуры.
Беларускае Радыё Рацыя