Цапкала: Беларусі неабходнае адзінства, без падзелу на ворагаў і сяброў
Беларусі неабходнае адзінства – без падзелу на ворагаў і сяброў, уладу і апазіцыю, заявіў на прэс-канферэнцыі 21 мая ў Менску прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналогій, былы чыноўнік і дыпламат Валерый Цапкала.
Журналісты нагадалі Цапкалу, што ў 1990-х гадах ён працаваў у камандзе Аляксандра Лукашэнкі, а цяпер фактычна прызнае неэфектыўнасць яго палітыкі.
«У 1994 годзе ў беларускага грамадства было велізарнае жаданне перамен, жаданне нейкім чынам змяніць пануючую палітычную эліту, прынамсі, памяняць курс, – адказаў на гэта Цапкала. – У той час мы сапраўды асацыявалі рух Беларусі наперад з цяперашнім прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам. Была вельмі моцная каманда: Віктар Ганчар, Аляксандр Фядута, Дзмітрый Булахаў, Юрый Захаранка, Анатоль Лябедзька, якога я таксама паважаю за сваю прынцыповую пазіцыю, і многія іншыя».
«Але вы павінны разумець, што тады была Канстытуцыя, якая прадугледжвала 10 гадоў знаходжання прэзідэнта ва ўладзе, гэта нармальны тэрмін, нармальная практыка. За 10 гадоў можна зрабіць вельмі шмат, я гэта таксама разумеў. У той час ён (Лукашэнка. – БелаПАН.) быў сапраўды блізкі. Ён быў блізкі маёй бабулі, таму што ведаў, колькі ад свінаматкі павінна нарадзіцца парасят. Ён быў блізкі выхадцам з вёсак, таму што разумеў, колькі курэй павінен пакрываць певень, колькі цэнтнераў сіласу можна вырабіць на адным гектары. Гэта сапраўды было блізка, вельмі імпанавала», – заявіў экс-кіраўнік ПВТ.
Аднак, на яго думку, «ужо даўно час адыходзіць ад традыцыйных сельскіх укладаў», таму што будучыня не за імі. Цапкала лічыць, што «трэба перавярнуць тую частку гісторыі і не гаварыць, хто з кім быў».
«Беларусь – невялікая краіна, – адзначыў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта. – Мне вельмі сімпатычны вопыт Швецыі. Калі ў 1917 годзе ў Швецыі адбылося сутыкненне паміж белымі і чырвонымі, умоўна кажучы, і пралілася першая кроў, яны сказалі: «Стоп. Мы – адна краіна, адна нацыя. Мы не павінны вырашаць сілавым чынам ніякія пытанні, мы ўсё павінны вырашаць за сталом перамоў». Маё абсалютнае перакананне, што мы ў Беларусі не павінны дзяліць на ворагаў і сяброў, уладу і апазіцыю. Мы павінны казаць, што мы адна краіна, адзін народ, мы павінны весці дыскусію па ўсіх прынцыповых пытаннях».
Адкрыта крытыкаваць Лукашэнку патэнцыйны кандыдат у прэзідэнты не стаў. На прамое пытанне, хто канкрэтна вінаваты ў цяперашняй сітуацыі ў Беларусі, перш за ўсё эканамічнай, Цапкала сказаў: «Я насамрэч не хацеў бы зараз паварочвацца на гісторыю. А калі і паварочвацца, то глядзець туды і спрабаваць прымяніць вопыт тых краін, якія здолелі за гістарычна мізэрны перыяд часу вырвацца з трэцяга свету ў першы, якія здолелі дасягнуць каласальных поспехаў».
«Давайце глядзець у будучыню, а не ў мінулае. Давайце глядзець, як нам пераўтварыць краіну. Калі мы нават адкажам на пытанне, хто вінаваты, гэта нам усё роўна не дасць ключ да таго, куды рухацца далей і што рабіць», – падкрэсліў ён.
20 мая Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала ініцыятыўную групу па вылучэнні Цапкалы кандыдатам у прэзідэнты. У яе ўвайшлі 884 чалавекі.
Выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаныя 9 жніўня.
Фота: dev.by