Цапкала: Калі паўстала праблема з пандэміяй, мы раптам не ўбачылі дзяржавы
Пандэмія каранавіруснай інфекцыі COVID-19 паказала, што беларуская дзяржава не здольная арганізавана адказваць на такога кшталту сур’ёзныя выклікі, заявіў на прэс-канферэнцыі 21 траўня ў Менску экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналогій, былы чыноўнік і дыпламат Валерый Цапкала, які балатуецца ў прэзідэнты.
Паводле яго слоў, да пандэміі бізнес, напрыклад, ведаў дзяржаву як арганізаваны штат кантралёраў, якія „караюць, штрафуюць, спаганяюць”. „Але калі ўзнікла праблема з пандэміяй, мы раптам гэтай дзяржавы не ўбачылі, — канстатаваў Цапкала. — Мы не ўбачылі, як працуе выдаленая сістэма адукацыі. Раптам выявілася, што ў нас — пры наяўнасці ўніфікаваных стандартаў у галіне матэматыкі, фізікі, іншых агульнаадукацыйных прадметаў — няма элементарных анлайн-курсаў, каб дзеці маглі дома вучыцца. Выявілася, што ў нас нават няма перадач па тэлебачанні, дзе найлепшыя выкладчыкі расказвалі б дзецям па прадметах”.
Самай сур’ёзнай крыніцай распаўсюджвання каранавіруса, адзначыў прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта, сёння з’яўляюцца бальніцы, куды „прыходзіць вельмі шмат людзей, хворых на COVID-19”. „І раптам аказалася, што ў нас няма дыстанцыйнага кансультавання пацыентаў, калі ў іх ёсць нейкія сімптомы COVID-19 ці звычайнага рэспіраторнага захворвання, каб ён не ішоў у агульную паліклініку. Выявілася, што ў нас няма тэлемедыцыны”, — адзначыў ён.
Разам з тым, паводле слоў Цапкалы, крызіс — гэта „не толькі небяспека, але адначасова і магчымасць”. „Для многіх краін свету, элітаў гэта магчымасць прадэманстраваць, што грошы, якія плацім мы, падаткаплацельшчыкі, — гэта не проста грошы, што выкідаюцца на розныя парады, спартыўна-масавыя мерапрыемствы і яшчэ невядома на якія іншыя рэчы. Што гэтыя грошы пры неабходнасці будуць накіраваныя на дапамогу людзям”, — падкрэсліў экс-кіраўнік ПВТ.
20 мая Цэнтральная выбарчая камісія зарэгістравала ініцыятыўную групу па вылучэнні Цапкалы кандыдатам у прэзідэнты. У яе ўвайшлі 884 чалавекі.
Выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь прызначаныя 9 жніўня.
belapan.by
Фота: dev.by