Цапкала напісаў адкрыты ліст лідарам больш чым 30 краін
Незарэгістраваны кандыдат у прэзідэнты Беларусі Валерый Цапкала напісаў адкрыты ліст прэзідэнтам і прэм’ер-міністрам 32 краін, у тым ліку ЗША, Германіі, Францыі, Вялікабрытаніі і Украіны, паведамляе тэлеканал „Дождь”. Расеі ў гэтым спісе няма.
У ім ён звяртае ўвагу, што ў Беларусі ўжо 26 гадоў кіруе адзін чалавек, які стварыў «аўтарытарны рэжым, у якім не выконваюцца асноўныя каштоўнасці дэмакратычнага грамадства: змяняльнасць улады, свабода слова і волевыяўлення, асноўныя свабоды чалавека». Цапкала адзначыў, што цяпер улады Беларусі «актыўна перашкаджаюць» правядзенню сумленных і свабодных выбараў прэзідэнта, а таксама аказваюць сілавы ціск «на ўсіх, хто жадае справядлівасці і празрыстасці выбарчага працэсу».
Ён звярнуўся да лідараў краін з просьбай «падтрымаць правядзенне свабодных і сумленных прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і звярнуць увагу грамадскасці на праводзімую беларускім рэжымам антынародную палітыку».
«Таксама ад усяго беларускага народа прашу аказаць садзейнічанне ў арганізацыі міжнароднага назірання за выбарамі і падлікам галасоў, забеспячэнні празрыстасці гэтага працэсу для грамадзян Беларусі, якія знаходзяцца на тэрыторыі вашай свабоднай краіны. Нашы народы месцамі аб’ядноўвае культурна-гістарычная спадчына і цесныя роднасныя сувязі. Мы аднолькава разумеем ідэі дэмакратыі і свабоды», — гаворыцца ў лісце.
Ён таксама пералічвае мэты апазіцыі, сярод якіх празрыстасць выбараў, абранне Святланы Ціханоўскай прэзідэнтам краіны, вызваленне ўсіх палітвязняў, а таксама правядзенне новых выбараў у тэрмін ад трох да шасці месяцаў з удзелам усіх альтэрнатыўных кандыдаў.
Валерый Цапкала накіраваў ліст прэзідэнту ЗША Дональду Трампу, прэм’ер-міністру Канады Джасціну Трудо, прэм’еру Вялікабрытаніі Борысу Джонсану, прэзідэнту Францыі Эмануэлю Макрону, прэзідэнту Украіны Уладзіміру Зяленскаму, канцлеру Германіі Ангеле Меркель, прэм’еру Арменіі Ніколу Пашыняну, а таксама лідарам Балгарыі, Венгрыі, Грузіі, Італіі, Латвіі, Літвы, Польшчы і іншых краін.
24 ліпеня Цапкала паведаміў, што з’ехаў з Беларусі разам з дзецьмі, баючыся арышту. Каб пазбегнуць гэтага, ён прыехаў у Маскву.