Цапкала назваў умовы перамоваў з Лукашэнкам
„Мы гатовыя да перамоваў з Лукашэнкам, але ўмовай павінна быць вызваленне палітычных зняволеных — усіх тых сотняў людзей, якія сёння сядзяць у беларускіх турмах”, — заявіў былы прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта, чалец каманды Святланы Ціханоўскай Валерый Цапкала, каментуючы выказванні „некаторых таварышаў”, якія пачынаюць „ад імя апазіцыі” весці перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам або яго адміністрацыяй „адносна Канстытуцыі, адносна будучыні Беларусі”.
Цапкала назваў і іншыя ўмовы перамоваў: „спыненне гвалту на беларускіх вуліцах”, „дазволіць беларускім грамадзянам у адпаведнасці з Канстытуцыяй, з законамі Рэспублікі Беларусь мірныя шэсці, мірныя акцыі”, „павінна быць пазначаная выразна дата правядзення новых справядлівых выбараў пад эгідай АБСЕ” ды іншыя.
Раней Юрый Васкрасенскі, выпушчаны з СІЗА КДБ, былы сябра ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі, анансаваў пачатак на гэтым тыдні „нацыянальнага дыялогу” ў фармаце круглага стала.
Беларускае Радыё Рацыя