Цапкала: Пра тое, што на мяне ёсць „замова”, паведамілі з МУС і КДБ
Валерый Цапкала пакінуў Беларусь са сваімі дзецьмі пасля паведамленняў ад сяброў у МУС і КДБ аб „замове” на яго — „нейкім чынам скампраметаваць, гэта значыць стварыць, сфальсіфікаваць або сфабрыкаваць матэрыял”. Пра гэта не зарэгістраваны Цэнтрвыбаркамам кандыдатам у прэзідэнты экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналогій паведаміў у маскоўскай студыі расейскай тэлекампаніі „Дождь”.
„А тут яшчэ высветлілася два дні таму, што прыходзілі з пракуратуры Рэспублікі Беларусь у школу, дзе вучацца мае дзеці, пачыналі актыўна цікавіцца адным з дзяцей. Вы ведаеце аб тым, што Лукашэнка выкарыстоўвае дзяцей у якасці інструмента націску. Гэта было ў 2010 годзе, калі Андрэй Саннікаў і Ірына Халіп былі пасаджаны ў турму, а тады публічна адбіралі ў бабулі іх пяцігадовага сына, і яго здалі ў прытулак, ён у прытулку правёў каля паўгода. І гэта на самай справе, калі гучаць такія пагрозы, то мы разумеем, што ў Рэспубліцы Беларусь гэта не проста словы, гэта ўжо рэалізаваныя справы ў дачыненні да іншых апазіцыйных палітыкаў”, — заявіў Цапкала (на самай справе пасля арышту Саннікава і Халіп яе маці ўдалося аформіць апякунства над трохгадовым унукам).
Паводле яго слоў, пракурорскія работнікі цікавіліся, наколькі надаюць увагу дзецям бацькі, перш за ўсё маці,” таму што ў дачыненні да яе больш працы вядзецца”, і ці можа гэта паслужыць падставай забраць дзіця (у сваю чаргу Генпракуратура заявіла, што яе супрацоўнікі ў школу не прыходзілі, а пазбаўляць Вераніку або Валерыя Цапкалу бацькоўскіх правоў падстаў няма).
Выбар Масквы Цапкала патлумачыў тым, што гэта была адзіная магчымасць пакінуць краіну. „У нас мяжы [паміж Беларуссю і Расеяй] не існуе. У любым іншым месцы ў нас маглі спыніць”, — адзначыў ён і прывёў у прыклад прымусовае вяртанне самалёта з фігурантамі „цукровай справы”, які ляцеў з Менска ў Мюнхен.
Цапкала выказаў надзею, што ў дачыненні да яго жонкі, якая дапамагае весці перадвыбарную кампанію кандыдату ў прэзідэнты Святлане Ціханоўскай, не будуць прымяняцца „ўжо зусім брудныя метады”. „Хоць пра што я кажу, калі тычыцца дзяцей, гэта ўжо больш брудных метадаў я ўявіць сабе не магу”, — зрабіў агаворку палітык.
„Я думаю, што, вядома, ёсць рызыкі і для яе, але ўсё ж такі цяпер сфармаваўся ў Беларусі брэнд: тры нашы выдатныя дзяўчыны, маці, якія сталі супраць гэтай дыктатуры. Самае складанае заўсёды для дыктатуры — змагацца супраць людзей, якія, па-першае, жанчыны, па-другое, не маюць палітычнага досведу, не вялі барацьбу, і яны пайшлі ў палітыку проста вельмі шчыра, і пайшлі не за сябе. Сіла гэтай тройцы заключаецца ў тым, што калі ў гэтай прэзідэнцкай кампаніі я выступаў за самога сябе, спрабаваў паказаць, што магу быць найбольш годным прэзідэнтам у гэтай краіне, то яны ставяць зусім іншы парадак дня. Яны кажуць: мы ідзем для таго, каб правесці сумленныя, нармальныя, справядлівыя выбары. Дзе не будзе адзін [чалавек] выкарыстоўваць увесь адміністрацыйны рэсурс, неабмежаваныя фінансавыя магчымасці, доступ да тэлебачання і г.д.”, — адзначыў Цапкала.
У інтэрв’ю „Дождю” былы прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду нагадаў пра лёс Сяргея Ціханоўскага і Віктара Бабарыкі. „Самае ў гэтай сітуацыі праціўнае, самае гідкае — гэта тое, што Лукашэнка з экрана тэлебачання потым пачынае казаць: вось, глядзіце на Бабарыку, ён плача, ён рыдае, ён моліць і іншае. Гэта ён кажа пры ўмове, што сам Бабарыка не можа нічога сказаць у сваё апраўданне. Адвакаты таксама не могуць казаць нічога, таму што яны падпісалі дакумент аб невыдаванні і, калі яны нешта скажуць, у іх тут жа адклічуць адвакацкую ліцэнзію. Уяўляеце, што гэта трэба быць за чалавекам, калі ты ведаеш, што твой апанент не можа сказаць ні слова, калі ты ведаеш, што людзі, якія яго абараняюць, не могуць сказаць ні слова, і калі ты нясеш, прабачце, пургу на гэтага чалавека, ты ўсё, што заўгодна можаш казаць, разумеючы, што табе ніхто не запануе?” — заявіў Цапкала.
„У найбліжэйшыя некалькі дзён, напэўна, у найбліжэйшы тыдзень” ён мае намер гутарыць у Маскве з расейскай і замежнай прэсай.