Цапкала звярнуўся ў пракуратуру з-за „лжэсведчання” турэцкага грамадзяніна



Экс-кіраўнік Парку высокіх тэхналогій, які прэтэндуе на пасаду прэзідэнта, былы чыноўнік і дыпламат Валерый Цапкала 7 ліпеня звярнуўся ў органы пракуратуры з нагоды „лжэсведчанняў” грамадзяніна Турцыі Седата Ігдзеджы, па заяве якога МУС праводзіць у дачыненні да яго даследчую праверку.

„Мы накіравалі ўжо сёння дакументы ў пракуратуру па ўсіх ілжэсведчаннях, якія ён выносіць на агульную публіку”, — заявіў Цапкала, адказваючы на пытанні інтэрнэт-карыстальнікаў падчас стрыму, які прайшоў напярэдадні.

У чэрвені некалькі ананімных тэлеграм-каналаў паведамілі, што турэцкі бізнесмен Седат Ігдзеджы, які пражывае ў Беларусі і валодае групай будаўнічых кампаній, што ўдзельнічалі ў стварэнні ПВТ, падаў заяву па фактах супрацьпраўнай дзейнасці ў дачыненні да Валерыя Цапкалы. У пачатку ліпеня Ігдзеджы пацвердзіў гэтую інфармацыю журналістам.

Раней у інтэрв’ю парталу dev.by Ігдзеджы заяўляў, што з’яўляецца падрадчыкам, які будаваў дом Цапкалу за Нацыянальнай бібліятэкай, і што за паслугі праектавання і будаўніцтва той яму не заплаціў.

Падчас стрыму Цапкала абвінаваціў Ігдзеджы ў махлярстве ў сферы будаўнічага бізнесу і наўмысным збанкрутаванні ўласных кампаній, каб не кампенсаваць кліентам грошы за незавершаныя праекты.

Экс-кіраўнік ПВТ заявіў, што Ігдзеджы сам прапанаваў яму „пабудаваць каробку дома” на ўчастку зямлі ў Сцяпянцы (сталічны мікрараён на паўднёвы ўсход ад Нацыянальнай бібліятэкі). Работы па ўзвядзенні канструкцыі былі ацэненыя ў суму каля 50 тыс. даляраў, бакі заключылі афіцыйны кантракт і зарэгістравалі яго ў органах юстыцыі.

Паводле слоў Цапкалы, турэцкі забудоўшчык пры ўзвядзенні падмурка „кінуў кавалак бетону прама на зямлю”, абмінуўшы прынятыя ў краіне будаўнічыя нормы. Таксама ўзніклі прэтэнзіі да якасці кладкі блокаў. Камісія па тэхнічным наглядзе, прыцягнутая Цапкалам для ацэнкі, працу не прыняла і дала забудоўшчыку ўказанне ўсё перарабіць. Ігдзеджы перарабляць нічога не стаў і падаў у суд па факце нявыплаты за выкананыя работы, Цапкала падаў сустрэчны іск.

„Прызначаная судом дзяржаўная экспертыза зрабіла заключэнне аб кошце работ па выпраўленні недахопаў. Суд прысудзіў на маю карысць дзесьці 38 тыс. долараў у эквіваленце”, — сказаў экс-кіраўнік ПВТ. Ён дадаў, што Ігдзеджы рашэнне суда не выканаў, а сваю кампанію, якая вяла забудову, збанкрутаваў, каб не расплачвацца.

„Цяпер ён расказвае пра нейкія грошы… Мы з табой у 2012 годзе разарвалі адносіны, я восем гадоў з жонкай гэты дом дабудоўваў, каб ён быў прыдатны для жыцця. Здалі мы дом толькі ў 2019 годзе. < … > Такіх, як я, ён кінуў сотні людзей, сотні кампаній”, — заявіў Цапкала.

Прэтэндэнт на пасаду кіраўніка дзяржавы заклікаў усіх, хто пацярпеў ад дзеянняў кампаній Ігдзеджы, перадаць яму адпаведныя матэрыялы, каб іх можна было адным пакетам накіраваць у пракуратуру і СМІ.

29 чэрвеня афіцыйны прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў Вольга Чамаданава паведаміла БелаПАН, што МУС праводзіць даследчую праверку ў дачыненні да Валерыя Цапкалы.

„З Генеральнай пракуратуры для правядзення даследчай праверкі ў МУС паступілі матэрыялы па заяве грамадзяніна Турцыі аб фактах супрацьпраўнай дзейнасці Цапкалы, якія мелі месца. Цяпер праводзіцца праверка”, — сказала яна.

Чамаданава не ўдакладніла, якія менавіта факты супрацьпраўнай дзейнасці названыя ў заяве турэцкага грамадзяніна. Яна таксама не змагла сказаць, колькі будзе доўжыцца праверка. „Тэрміны мне не акрэсленыя. Яны могуць і працягвацца, таму матэрыял ёсць, праводзіцца праверка”, — сказала прадстаўнік МУС.

Паводле інфармацыі Цэнтарвыбаркама, дакументы на рэгістрацыю кандыдатамі ў прэзідэнты падалі сем грамадзян, у тым ліку Валерый Цапкала. Аднак яго могуць не зарэгістраваць, паколькі тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі прызналі сапраўднымі толькі 75 тыс. подпісаў грамадзян за яго вылучэнне пры неабходных 100 тысячах. Каманда Цапкалы мае намер абскардзіць адбракоўку каля 80 тыс. подпісаў, каб працягнуць далейшы ўдзел у выбарчай кампаніі.

Выбары прэзідэнта Беларусі прызначаныя на 9 жніўня.

belapan.by