Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп
Цэнтрвыбаркам на пасяджэнні 20 верасня зарэгістраваў ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Беларусі былога старшыні праўлення „Белгазпрамбанка” Віктара Бабарыкі.
Сакратар ЦВК Алена Дмухайла паведаміла, што кандыдатура Бабарыкі адпавядае ўсім патрабаванням да кандыдата на пасаду прэзідэнта.
„Парадак і склад прадстаўленых дакументаў таксама адпавядае патрабаванням Выбарчага кодэкса, — сказала яна. — Адзінае, што мы выявілі ў спісе двух грамадзян, якія не з’яўляюцца грамадзянамі Рэспублікі Беларусь і не могуць быць уключаныя ў склад ініцыятыўнай групы, і некалькі грамадзян, у дачыненні да якіх пазначаныя не цалкам або не пазначаныя звесткі, якія патрабуюцца ў адпаведнасці з Выбарчым кодэксам”.
Пасля выключэння гэтых грамадзян са складу ініцыятыўнай групы ў ёй застаецца 8.905 чалавек.
Цэнтрвыбаркам таксама зарэгістраваў ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты Беларусі экс-кіраўніка Парку высокіх тэхналогій, былога чыноўніка і дыпламата Валерыя Цапкалы.
Перад прыняццем рашэння аб рэгістрацыі сакратар ЦВК Алена Дмухайла далажыла, што „пры вывучэнні дакументаў устаноўлена, што ў дачыненні да 10 асоб, уключаных у спіс ініцыятыўнай групы, пазначаныя не цалкам альбо не пазначаныя дадзеныя, якія павінны быць у адпаведнасці з патрабаваннямі выбарчага заканадаўства”. „Яны будуць выключаныя са складу ініцыятыўнай групы, у ёй застанецца 884 чалавекі. Падстаў для адмовы мы не бачым”, — заявіла яна.
Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына ўдакладніла ў Цапкалы, ці абавязваецца ён выконваць закон у працэсе збору подпісаў. На што прэтэндэнт на ўдзел у выбарах адказаў: „Безумоўна. Мы стараліся нават больш жорстка падысці да фармавання ініцыятыўнай групы”.
***
Для ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах 2020 года зарэгістравана 15 інціыятыўных груп. Усяго заяўкі падавалі рэкордныя 54 чалавекі.
Такім чынам подпісы могуць збіраць:
1. Аляксандр Лукашэнка
2. Алег Гайдукевіч
3. Юрый Ганцэвіч
4. Уладзімір Няпомняшчых
5. Наталля Кісель
6. Віктар Бабарыка
7. Валерый Цапкала
8. Сяргей Чэрачань
9. Вольга Кавалькова
10. Ганна Канапацкая
11. Андрэй Дзмітрыеў
12. Святлана Ціханоўская
13. Алесь Таболіч
14. Юрась Губарэвіч
15. Мікалай Казлоў.
Збор подпісаў стартуе 21 траўня і будзе доўжыцца да 19 чэрвеня.
Найбольшая група ў Віктара Бабарыкі (8 900 чалавек), у Дзмітрыева — 2 302, у Канапацкай — 1 313, у Чэрачня – 1 237, у Цапкалы — 884, у Святланы Ціханоўскай – 252, у Губарэвіча – 121, у Казлова – 121, у Кавальковай — 120, у Таболіча — 116.
Потым ЦВК будзе рэгістраваць патэнцыйных кандыдатаў.
Выбары — 9 жніўня.
Беларускае Радыё Рацыя