«Цэнтральная Еўропа не можа быць памежжам»
Еўраатлантычная супольнасць мае пашырацца, а Еўропе трэба супрацьстаяць папулізму. Такія тэмы гучалі на міжнароднай канферэнцыі “Глабальная бяспека” (“Global Security” (GLOBSEC) ) ў Браціславе. Прэзідэнты, міністры, адмыслоўцы і бізнесоўцы з усяго заходняга свету сабраліся ў славацкай сталіцы, каб паразважаць над супольнай будучыняй.
Ад нашай краіны на саміт ніхто не прыехаў, а адзіным беларусам, які браў удзел у мерапрыемстве, быў Уладзімір Кобец, сустаршыня “Беларускага Дома” ў Варшаве.
Якія выклікі сусветнай бяспецы былі заўважаны на саміце, і ці гаварылі ў Браціславе пра Беларусь? Распавядае Уладзімір Кобец:
— На канферэнцыі абмяркоўваліся новыя выклікі, каторыя паўсталі на працягу апошніх год. Мы ведаем, што ўпершыню за кібератакамі, якія былі здзейснены з боку Расеі, была спроба ўмяшацца ў выбарчы працэс, нанесці ўдар у самы падмурак вольнага свету – вольныя выбары, калі людзі праз канкурэнцыю ідэй могуць свабодна абіраць сабе новы ўрад. Гэты год апошні, і ў Еўропе, і ў іншых краінах адбылася такая інвазія ў гэтыя працэсы з мэтай прыводу да ўлады дэструктыўных маргінальных сілаў, каторыя выступаюць супраць інтэграцыі еўрапейскай прасторы, сусветнай інтэграцыі, у якіх мэта – давесці свет да фрагментацыі, развалу і хаосу. Ясна, што быў заўсёды ў свеце чорны інтэрнацыянал аўтарытарных рэжымаў.
Уладзімір Кобец (першы справа) разам з прэзідэнтам Эстоніі Керсці Кальюлайд
РР: А наколькі яскрава было сказана, што за гэтым стаіць Расея?
Уладзімір Кобец: Гэта было сказана ад пачатку прэзідэнтам Славаччыны Андрэем Кіскам, які сказаў, што “хопіць гуляць у рускую рулетку”. Гэтыя словы прагучалі на адкрыцці канферэнцыі, і ў прынцыпе, зразумела чаму. Калі дадаць да вышэйпералічанага агрэсію Расеі супраць суседзяў – Украіны, Грузіі, акупацыю Крыма, калі дадаваць прапаганду, якая праплачваецца і дзейнічае ў краінах Цэнтральнай Еўропы, то зразумела, якія сёння выклікі стаяць перад цывілізацыяй Захаду. Варта таксама адзначыць, што прэзідэнт Кіска пашырыў гэтае паняцце Захаду – гэта не геаграфічнае паняцце, гэта ёсць паняцце цывілізацыйнае. Мы бачым, акурат, як на прыкладзе Украіны адбываецца гэтае раздзяленне мінулага, старога, імперскага і дэмакратыі, свабоды, і правоў чалавека.
Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда акцэнтаваў увагу на бяспецы Трохмор’я – гэта тэрыторыя, якая пралягае паміж Балтыйскім, Адрыятычным і Чорным морам, тэрыторыя, якая з’яўляецца натуральным геапалітычным чыннікам. Краіны рэгіёну – гэта краіны, каторыя пасля падзення камунізму разам рухаліся ў накірунку да вольнага свету. Вельмі істотна – тое, што сказаў прэзідэнт Дуда, — што краіны Цэнтральнай Еўропы не хочуць заставацца заўсёды памежнымі, а еўраатлантычныя сувязі павінны быць пашыраны на Усход і на Поўдзень. Поўдзень – гэта Балканы, натуральна, Усход – гэта ў тым ліку і Беларусь, Украіна, краіны Усходняга партнёрства.
РР: Ад самой Беларусі былі нейкія ўдзельнікі, ці была Беларусь прадстаўлена?
Уладзімір Кобец: На жаль, сярод удзельнікаў на афіцыйным сайце GLOBSEC я не знайшоў прадстаўнікоў афіцыйнай Беларусі, і не бачыў іх на самым форуме. У спісе быў яшчэ адзін неафіцыйны прадстаўнік з Беларусі, на жаль, я яго там не сустрэў, выглядае, што я там быў адзіным. Прадстаўляў я варшаўскі “Беларускі Дом”, але ў гэтай сітуацыі, вядома, быў вымушаны прадстаўляць увесь вялікі беларускі дом, якім з’яўляецца наша краіна. Вельмі шкада, што ў такой канферэнцыі не прымаюць удзел улады еўрапейскай краіны. Трэба разумець, што там пытанні бяспекі абмяркоўваюцца на самым высокім узроўні, і апроч гэтага ў кулуарах адбываецца вельмі шмат двухбаковых сустрэчаў. Увесь час прэзідэнты, міністры, прэм’ер-міністры праводзілі двухбаковыя перамовы і дасягалі дамоўленасцяў. Яшчэ, хачу падкрэсліць, што на GLOBSEC прысутнічаюць не толькі палітыкі і прадстаўнікі няўрадавых арганізацый, гэта месца, дзе збіраюцца топ-мэнэджэры, кіраўнікі сусветных карпарацыяў, і не толькі з абарончага сектара, а таксама з інфармацыйнага, з іншых тэхналогіяў, і гэта значыць, што там трэба быць прадстаўнікам улады, каб дамаўляцца пра інвестыцыі, дамаўляцца пра супрацоўніцтва.
РР: Апроч той ускоснай узгадкі прэзідэнта Дуды, які казаў пра ўвесь рэгіён, ці гучала на канферэнцыі тэма Беларусі? Калі не на дыскусійных панелях, то прынамсі ў кулуарах?
Уладзімір Кобец: У праграме у GLOBSEC сярод сесій на жаль не было тэмы Беларусі. Але ў кулуарах гэтая тэма гучала, у кожнай размове, каторую я праводзіў. Падымалася пытанне Беларусі, пытанне бяспекі рэгіёну, пытанне захавання незалежнасці нашай краіны. Мы, вядома, чулі і чуем ад нашых партнёраў, што заўважнымі з’яўляюцца спробы Беларусі адкрыцца, быў заўважаны ўвод пяцідзённага бязвізавага рэжыму. Але на жаль, мы бачым, што надалей сістэмных зменаў не адбываецца. Мы памятаем вясну гэтага года, калі адбыліся брутальныя дзеянні, затрымана больш людзей чым у снежні 2010 года. Але, я яшчэ раз падкрэслю, замыкацца ў сваёй шкарлупіне, замыкацца ў адной краіне ў сучасным свеце не атрымаецца. Гэта самападман. У адзін момант можна прачнуцца зусім у іншай рэчаіснасці, і яна нам вельмі не спадабаецца. Калі ўлады краіны не бяруць удзел у такіх форумах, не ўдзельнічаюць у абмеркаваннях пытанняў глабальнай бяспекі, то гэта значыць, што недзе адбываецца вельмі вялікая сістэмная памылка. Глабальная бяспека павінна быць у полі зроку ўлады любой краіны, тым больш, калі абмяркоўваецца пытанне Трохмор’я, пытанне нашага рэгіёну, пытанне як бліжэйшых гадоў, так і перспектываў далёкае будучыні.
Уладзімір Кобец і міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін
Нагадаем, што на мінулых выходных у Браціславе прайшла вялікая канферэнцыя на тэму глабальнай бяспекі пад лозунгам “Адаптуемся да будучыні/ Адаптуем будучыню”. На мерапрыемства з’ехаліся прэзідэнты і міністры еўрапейскіх краінаў, таксама адмыслоўцы і бізнесмены заходняга свету, бы наша краіна на форуме не была прадстаўлена на афіцыйным узроўні, а адзіным прысутным на канферэнцыі беларусам быў сустаршыня “Беларускага Дома” ў Варшаве Уладзімір Кобец.
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя