Цэнтрвыбаркам падвёў вынікі мясцовых выбараў
Цэнтральная камісія па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў 23 лютага падвяла вынікі выбараў дэпутатаў мясцовых саветаў 28-га склікання.
Па выніках датэрміновага і галасавання ў асноўны дзень яўка на мясцовых выбарах склала 77,23%.
У Берасцейскай вобласці прагаласавала 79,6% (датэрмінова — 31,84%) выбаршчыкаў, у Віцебскай — 84,57% (34,96%), Гомельскай — 80,76% (36,48%), Гарадзенскай — 79,84% (34,55%), Менскай — 78,02% (34,61%), Магілёўскай — 82,26% (36,36%), у Менску — 61,71% (35,69%).
На датэрміновым галасаванні яўка склала 34,95% выбаршчыкаў. Па выніках выбараў былі сфарміраваныя ўсе 1.309 мясцовых саветаў, абрана 18.110 дэпутатаў.
У адной з акруг Ельскага райсавета неабходна будзе праводзіць паўторныя выбары, бо ў дачыненні да зарэгістраванага кандыдата была распачатая крымінальная справа аб дачы хабару.
Сярод абраных больш за ўсё дэпутатаў дзейнага склікання — 10.131. У мясцовыя саветы прайшлі 8.729 жанчын, 720 чалавек да 30 гадоў, 21 грамадзянін Расеі (маюць від на жыхарства ў Беларусі).
У склад мясцовых саветаў увайшло па адным дэпутаце, якія прадстаўляюць Беларускую аграрную партыю і Беларускую патрыятычную партыю, па чатыры — Беларускую сацыяльна-спартыўную партыю і Ліберальна-дэмакратычную партыі, 11 — Сацыял-дэмакратычную партыю народнай згоды, 127 — Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці, 305 — Камуністычную партыю.
Усяго палітычныя партыі вылучылі 993 кандыдаты ў дэпутаты.
Незалежныя назіральнікі на працягу галасавання заяўлялі, што ўлада для павышэння яўкі выкарыстоўвала адміністрацыйны рэсурс, арганізоўвала „каруселі”, завышала лічбы ў выніковых пратаколах участковых выбарчых камісій. Па выніках галасавання яны назвалі гэтую мясцовую выбарчую кампанію адной з найгоршых у Беларусі. БелаПАН