Цэнтрвыбаркам зарэгістраваў усіх кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі



ЦВК зарэгістравала ўсіх вылучаных кандыдатаў у члены Савета Рэспублікі. Адпаведнае рашэнне прынятае на пасяджэнні камісіі 10 кастрычніка.

«Пры падрыхтоўцы да пасяджэння мы вывучылі дакументы, пададзеныя абласнымі выканаўчымі камітэтамі і аблсаветамі, і прыйшлі да таго, што вылучэнне ў члены Савета Рэспублікі па ўсіх рэгіёнах адбылося абсалютна законна і не выклікае ніякіх пытанняў па легітымнасці асоб, якія вылучаныя кандыдатамі», – сказала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына.

Як сведчыць раней праведзены БелаПАН аналіз спісаў кандыдатаў у верхнюю палату парламента, склад СР НС значна абновіцца: толькі дзевяць кандыдатаў вылучаныя паўторна. Гэта – Алег Румо, Алена Панцюхова, Аляксандр Ляхаў, Віктар Сняжыцкі, Юрый Дзяркач, Валерый Гайдукевіч, Васіль Маркевіч, Віктар Чайчыц і Анатоль Шчасны.

Выбары ў Савет Рэспублікі пройдуць на безальтэрнатыўнай аснове. Мясцовыя саветы і адпаведныя выканкамы рэгіёнаў (усе вобласці і Менск) вылучаюць па восем кандыдатаў. 7 лістапада на пасяджэннях мясцовых саветаў дэпутатаў базавага ўзроўню ў кожнай вобласці і Менскага гарадскога савета дэпутатаў пройдзе тайнае галасаванне.

Восем з 64 членаў Савета Рэспублікі ў адпаведнасці з Канстытуцыяй прызначаюцца прэзідэнтам.

Савет Рэспублікі – верхняя палата Нацыянальнага сходу. У яе задачы ўваходзіць разгляд законапраектаў, прынятых ніжняй палатай (Палатай прадстаўнікоў).

Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 17 лістапада.

БелаПАН