Цэнтрвыбаркам зняў забарону на фотаздымку на выбарчых участках для назіральнікаў



Цэнтральная выбарчая камісія зняла забарону для назіральнікаў весці фотаздымку на выбарчых участках. Гэта вынікае з палажэнняў зацверджанага ў траўні метадычнага дапаможніка па выбарах дэпутатаў для ўчастковых выбарчых камісій, паведамляе сайт кампаніі „Праваабаронцы за свабодныя выбары”.

У дакуменце, у прыватнасці, гаворыцца: „Нягледзячы на тое што Выбарчы кодэкс не паказвае на права назіральнікаў ажыццяўляць фотаздымку ў памяшканні для галасавання, трэба дазваляць назіральнікам па іх просьбе зрабіць некалькі фотаздымкаў. Пры гэтым назіральнік не павінен ствараць перашкоды для членаў участковай камісіі і выбаршчыкаў”.

У дапаможніку таксама адзначана, што старшыня ўчастковай камісіі можа загадзя вызначыць месца, з якога дазваляецца зрабіць здымкі. Яно павінна быць пазначанае паказальнікам з надпісам „Месца для фотаздымкі”.

Актывісты кампаніі нагадалі, што падчас папярэдніх выбарчых кампаній праваабаронцы неаднаразова фіксавалі выпадкі, калі незалежных назіральнікаў выдалялі з участкаў за тое, што яны фатаграфавалі. Напрыклад, на парламенцкіх выбарах у 2012 годзе за фотаздымку на ўчастках былі выдаленыя мазырскі назіральнік Юрый Целяпун і мінскі назіральнік Сяргей Бахун, а на выбарах у мясцовыя саветы дэпутатаў у 2014-м — назіральнік з Гомеля Канастанцін Жукоўскі.

Юрыст кампаніі Павел Сапелка станоўча расцаніў рашэнне ЦВК аб дазволе назіральнікам весці фотаздымку на выбарчых участках. Разам з тым ён звярнуў увагу, што гэты і іншыя важныя аспекты выбарчага працэсу не апісаныя ў Выбарчым кодэксе, а замацаваныя толькі ў дакументах Цэнтрвыбаркама. Паводле яго слоў, калі справа тычыцца правоў назіральнікаў, ЦВК „беражліва захоўвае асновы выбарчага працэсу і не спяшаецца прымаць удакладняючыя пастановы”.

Кампанію „Праваабаронцы за свабодныя выбары” праводзіць ліквідаваны ўладамі праваабарончы цэнтр „Вясна” і рэспубліканскае грамадскае аб`яднанне „Беларускі Хельсінкскі камітэт”. У ходзе кампаніі ажыццяўляецца ацэнка выбарчага працэсу з пункту гледжання беларускага заканадаўства і міжнародных стандартаў свабодных і дэмакратычных выбараў, а таксама інфармаванне беларускай грамадскасці і міжнароднай супольнасці аб ходзе выбарчай кампаніі і выніках назірання.

5 жніўня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указы № 293 і 294 аб прызначэнні выбараў у Савет Рэспублікі і Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання. Яны пройдуць адпаведна 7 і 17 лістапада 2019 года.

belapan.by