Церцель: КДБ гатовы да аднаўлення пратэставай актыўнасці
Старшыня Камітэта дзяржбяспекі Іван Церцель ацэньвае сітуацыю ў Беларусі як стабільную і лічыць востры перыяд завершаным. Пра гэта ён заявіў па выніках сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам 9 сакавіка. Відэакаментар кіраўніка ведамства размешчаны ў тэлеграм-канале „Пул Першага”.
„Відавочна, гэта падкрэсліваюць і нашы замежныя партнёры (афіцыйна, неафіцыйна), дыпламатычны корпус, што востры перыяд у развіцці сітуацыі, які быў характэрны для другой паловы 2020 года, вычарпаны. Сітуацыя стабільная”, — сказаў Церцель.
У той жа час ён лічыць, што „замежныя падрыўныя цэнтры і спецслужбы, якія стаяць за імі, зацікаўленыя палітычныя колы робяць спробы па аднаўленні пратэставай актыўнасці, дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне” вясной. „Пра гэта вядома было раней, на працягу некалькіх месяцаў анансавалася. Мы гатовыя да гэтага і прымем усе меры для таго, каб тыя асобы і арганізацыі, якія распачнуць такія спробы, панеслі адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам”, — адзначыў кіраўнік КДБ.
Таксама ён заявіў пра беспрэцэдэнтны ціск на Беларусь з боку замежных партнёраў, які ён звязвае з санкцыйнай палітыкай і „некаторымі іншымі рэчамі”.
Старшыня камітэта адзначыў рост тэрарыстычных пагроз, як правіла, з тэрыторыі сумежных дзяржаў. „Ёсць канкрэтнае даручэнне кіраўніка дзяржавы па мінімізацыі тых пагроз. Будзем працаваць, нацэленыя на эфектыўнае рашэнне задач. Становішча ў краіне, паводле нашых ацэнак, будзе стабільным, і праваахоўныя органы маюць дастаткова сіл і сродкаў для рэагавання на рознага роду пагрозы”, — падкрэсліў Церцель.
Фота: belta.by