Ці аб’яднае 2016-ы год беларускую апазіцыю?



Старшыня Рады беларускай інтылігенцыі Уладзімір Колас прагназуе, якія шанцы ў беларускай апазіцыі прыйсці да яднання ў наступным годзе.

Уладзімір Колас: На вялікі жаль, ніякіх перадпасылак для яднання мы не назіраем, таму мой прагноз песімістычны. Трэба чакаць прыходу новых сіл, ратацыі кадраў і новых лідараў, якія ў стане выканаць гэтую задачу. А пакуль гэтага няма.

РР: Можа быць, пад парламенцкія выбары дэмакратычыныя сілы наступяць на горла ўласнай песні ды аб’яднаюцца?

Уладзімір Колас: У мяне складваецца ўражанне, што ўжо ўсталявалася нейкая сістэма сімбіёзу апазіцыі ў той форме, у якой яна зараз, і ўлады. Апазіцыя рэгулюецца ўладамі і цалкам дзейнічае ў тым рэчышчы і межах, якія акрэслівае ўлада. Апазіцыя пераўтварылася ў механізм па выпусканні народнага абурэння ў свісток. Калі ты, напрыклад, нечым незадаволены, то ідзі ў гэтыя структуры і зазямляйся там на безвыніковыя дзеянні і імітацыю. Па-першае, такім чынам рэалізуецца апазіцыйная энергія. Па-другое, ствараецца ўражанне – што б ты не рабіў, усё гэта марна. З гэтага заганнага кола трэба, безумоўна, выходзіць, і мы спадзяёмся што калі-небудзь удасца.

РР: Многія кажуць, што 2016 год будзе складаным эканамічна. А значыцца пачнуць нарастаць і сацыяльныя пратэсты ў грамадстве…

Уладзімір Колас: У гэтай сітуацыі вельмі важна, каб усё гэта ішло нейкім канструктыўным і цывілізаваным чынам. Хоць ніхто не выключае, што могуць быць і пэўныя выбухі грамадскага незадавальнення.

РР: Ваша стаўлення да пратэстных акцый, якія пасля выхаду на волю ладзіў былы палітвязень Мікола Статкевіч?

Уладзімір Колас: Я вельмі паважаю Міколу і з вялікай павагай стаўлюся да яго мужнасці, цвёрдасці, да таго, што ён не зламаўся. Тым не менш, хацелася б таксама больш дакладна сфармуляваных мэтаў. Павінен быць не проста пратэст, а нейкае бачанне задач і шляху, якім трэба ісці. Таму што выйсці на вуліцу не так і складана. А вось як дасягнуць пераменаў – гэта праблема. Таму сёння патрэбны не старыя лозунгі, не заклік да рытуальных дзеянняў, а прапановы. Лозунгі не прывядуць да нейкіх канкрэтных вынікаў.

РР: Але ж зараз ізноў паўстаюць інтэграцыйныя ініцыятывы па аб’яднанні апазіцыі. Можа ўсё-такі ёсць шанц?

Уладзімір Колас: Разумееце, усё гэта адбываецца як быццам у нейкай пустэчы. Людзі, якія раней выступалі супраць інтэграцыі, зараз спрабуюць станавіцца на чале аб’яднаўчых рухаў без уліку досведу, які ўжо напрацаваны. Ведаючы гэтых людзей, ужо можна прадказаць і вынікі.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя