Ці аб’яднае парламенцкая кампанія апазіцыю?
Палітолаг Валер Карбалевіч мяркуе, што аб’яднанне апазіцыі — справа надзвычай складаная.
Апошнім часам некаторыя апазіцыйныя структуры ізноў заклікалі дэмакратычныя сілы да аб’яднання. Але ці гатовыя яны да гэтага?
Валер Карбалевіч: Аб’яднанне апазіцыі — вечная тэма і вечнае пытанне. Колькі існуе апазіцыя, столькі гучыць і тэма. Пры гэтым, кожны раз узнікаюць вялікія праблемы. І папярэдні досвед сведчыць пра тое, што аб’яднанне адбываецца больш-менш паспяхова, калі яно робіцца пад нейкія канкрэтныя праекты. Напрыклад, пад прэзідэнцкія ці парламенцкія выбары. Калі аб’ядноўваюцца проста на падставе нейкіх каштоўнасцяў ці агульных тэзаў кшталту «Барацьба за дэмакратыю і правы чалавека», дык на такіх абстрактных паняццях рэдка выходзіць нешта вартае і сур’ёзнае. Тэарэтычна рэальна аб’яднацца падчас выпрацоўкі нейкай агульнай стратэгіі і тактыкі на парламенцкіх выбарах. Але мы бачым, што вялікія супярэчнасці існуюць цяпер паміж кампаніяй «Гавары праўду» і астатняй часткай апазіцыі, таму з цяжкасцю ўяўляю, як можна аб’яднаць гэтыя дзве часткі. Асабіста я скептычна гляджу на працэс яднання.
РР: Таццяна Караткевіч заявіла, што іх кампанія не супраць, каб да іх удзелу ў парламенцкай кампаніі далучаліся іншыя прадстаўнікі дэмакратычных сілаў…
— Калі нейкая арганізацыя кажа, каб далучаліся да іх, з гэтага таксама нічога не выйдзе. Адразу ўзнікае сітуацыя, калі нехта галоўны, а нехта на другасных ролях. Партнёры павінны быць раўнапраўнымі.
РР: Адным словам, асабліва ніякіх высноваў з чарговай прэзідэнцкай кампаніі апазіцыя так і не зрабіла?
— Па вялікім рахунку – так. Я, напрыклад, не заўважыў нейкіх публічных заяваў: якія памылкі зрабіла апазіцыя падчас апошніх выбараў, і што трэба рабіць, каб іх не паўтараць.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя